Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/128

Гэта старонка была вычытаная

разважным паглядам на прыроду, ды наагул імкнуўся да прасьвячаньня грамадзянства, да вызваленьня яго ад усялякіх забабонаў. У той самы час, як у Францыі Босю ды інш. славілі ў асобе Людвіка XІV абсолютную монархію, як адзіную выбраную Богам і наагул найлепшую форму дзяржаўнасьці, ды падтрымлівалі рэлігійны уціск, - у Голяндыі вялікі філëзоф Сьпіноза прызнаваў дэмократыю найбольш натуральным дзяржаўным ладам і ў яркіх словах бараніў волю думкі і веры, кажучы, што ўрады павінны пілнаваць учынкаў сваіх падданых, а ня іхніх думак. Мэтаю дзяржавы, казаў Сьпіноза, ня можа быць застрашаньне людзей ды падчыненьне іх чужой волі, каб з разумных стварэньняў зрабіць жывёлы або машыны; наадварот, іх дух і цела павінны свабодна разьвіваць свае здольнасьці, каб карысталіся яны з свайго вольнага розуму, не аднасіліся адны да адных з ненавісьцяй, гнéвам і маною і не прасьледавалі сябе ўзаемна; галоўнай задачай дзяржавы, па праўдзе, павінна быць — воля". За галоўную перашкоду для вольнае думкі Сьпіноза лічыў церазмерную пашану да літары бібліі, адважыўся глядзець на біблію, як на твор людзкіх рук, і стараўся крытыкаю і аб'ясьненьнямі даць магчымасьць больш глыбокага разуменьня яé; за гэта гадоў сто яго лічылі бязбожнікам.

Падобная-ж была дзейнасьць загнанага прасьледаваньнямі ў Нідэрлянды францускага гугенота, вучонага Байля (Bayle), які першы пачаў выдаваць часопісь, і ў ёй популярна, гэтак, каб яго зразумелі ня толькі вучоныя спэцыялісты, але і кожын эдукаваны чалавек, абгаварваліся і вольна разважаліся тэолёгічная, палітычная і філёзофскія пытаньні, ды наагул пытаньні з розных навукаў. Гэтаю сваёю дзейнасьцяй, ды таксама вялікім "Гісторычна-крытычным слоўнікам", з якога шмат пакаленьняў чарпала ўсю сваю веду, Байль шмат памог разьвіцьцю ў грамадзянстве нахілу да навуковае думкі і імкненьня да точных дасьледаў, што ўпéрад было выключным прывілеем вучоных.

У Амстэрдаме Байль пазнаёміўся з англійскім вучоным Джонам Лёкам (Locke), які, як віг, хаваўся там ад тыраніі Стюартаў. Пасьля выгнаньня іх з Англіі лёк вярнуўся на бацькаўшчыну і сваімі творамі хутка абудзіў вялікую цікавасьць і зьдзіўленьне. У сваім творы «Аб людзкім розуме» Лёк паставіў сабе задачай дасьледзіць пачаткі і межы людзкога пазнаньня; гэтак быў ён пачынальнікам новае філëзофіі, якая найбольш займаецца гэтым пытаньнем. Ня меншы уплыў мéлі ягоныя творы аб рэлігіі, узгадаваньні і палітыцы. Ён даводзіў справядлівасьць пазбаўленьня пасаду Якуба ІІ, як некалісь Мільтон-казьні Караля І. У сваіх вывадах аб гэтай справе ён казаў, што дзяржава прадстаўляе саюз вольных людзей, якія зрабілі ўмову дзеля лепшага забясь-