Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/130

Гэта старонка была вычытаная

Нябесныя і зямныя зьявішчы можна было вывесьці з аднаго закону, а, значыць, не аставалася тут месца на цуды. Гэтае важнае адкрыцьце, ды, наагул, увесь час узрастаючы ўплыў прыродных навук што-раз то болей пашыралі пагляды вольнадумцаў, хаця на іх і нападала духавенства.

Цэхі муляроў у Лёндане, называныя вольнамулярскімі, ў 1717 годзе ператварыліся ў саюз вольнадумных эдукаваных людзей усіх станаў, якія, заводзячы крыху дзіўныя звычаі і абрады, ахвяроўвалі сябе справе пашырэньня толеранцыі і людзкасьці, імкнучыся да брацтва ўсіх станаў і народаў. Праз кароткі час вольнамулярскія саюзы пашырыліся па ўсёй Эўропе, ды пазакладаліся навет у Усходняй Індыі і Амэрыцы; навет князі і каралі часамі да іх належалі.

2. Вольтэр (1694-1778). Англія з прычыны сваёй мовы і географічнага палажэньня ўсё-ж была залішне далёкая ад рэшты Эўропы, каб беспасярэдна і моцна на яé уплываць. Доля пасрэдніка і тлумача дасталася Францыі, мова якое панавала ў той час у сьвеце.

Англійская літэратура і навука былі ўжо ў поўнай красé, а французы аб ёй яшчэ нічога ня ведалі. І толькі ў 1727 годзе, дзякуючы бытнасьці ў Лёндане аднаго маладога парыжскага пісьменьніка, даляцелі на сухазéмле нейкія ведамасьці аб духоўным жыцьці Англійцаў. Гэты пісьменьнік быў Францішк Аруэ, вéдамы больш пад сваім літэратурным прозьвішчам Вольтэр (1694-1775). З прычыны звадкі з адным шляхціцам ён уцёк у Англію, бо яму пагражала Бастылія. Англійскія законы, установы, прасьвета, рэлігійная толеранцыя, палітычныя свабоды абудзілі ў ім зьдзіўленьне. Вярнуўшыся ў Францыю, ён у чысьленых сваіх творах разьвіваў пагляды англійскіх дэістаў. Быў ён няміласэрным ворагам догматаў і абрадаў, бачучы ў іх толькі ману і прыкідлівасьць. Хаця характар яго быў не беззаганны, але, наагул, імкненьні яго былі вельмі сьветлыя, гуманітарныя. Вольтэр мéў дужа добры стыль, быстры розум, незраўнаную дасьціпнасьць і ўсебаковую эдукацыю. Пры ўсім гэтым жыў ён доўга, у добрым здароўі, дык пры вялікай сваёй працавітасьці напісаў надзвычайна многа літэратурных твораў: драмаў, повесьцяў, навуковых разважаньняў, гістарычных твораў, лятучых лісткоў, памфлетаў; мусіць, няма літэратурных формаў, у якіх бы ён ня пробаваў сваіх сілаў. Зласьлівасьць і жыцьцёвы бруд псавалі шмат якія з яго твораў: было гэта, аднак, згодна з духам часу і саўсім ня шкодзіла вялікай популярнасьці Вольтэра. Навет монархі шукалі прыхільнасьці яго; з каралямі прускім, данскім, швэдзкім і імпэратрыцаю Кацярынаю ён вёў сталую кореспондэнцыю. І ўсё-ж з ягоных твораў больш трывалую вартасьць мае хіба толькі