Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/131

Гэта старонка была вычытаная

"Essaі sur les moers et l'esprіt des natіons", твор аб сусьветнай гісторыі, у якім ён менш займаецца палітычнаю гісторыяй, а найбольш культураю дзяржаваў і народаў.

Вялікую заслугу Вольтэра ў яго публіцыстычнай дзейнасьці становіць упорлівае змаганьне з тагачаснай нягоднай судовай процэдурай. Ня толькі літэратурнымі творамі, але і асабістымі заходамі дапамагаў ён несправядліва засуджаным і іхнім сéм'ям. Асабліва ведама абарона Вольтэрам нейкага Каляза, кальвінскага купца з Тулюзы, якога вінавацілі ў забіцьці сына за тое, што той прыняў каталіцтва, і сказьнілі, ня гледзячы на адсутнасьць усякіх доказаў. Пасьля многалетніх заходаў Вольтэр дабіўся перагляду справы, пры чым нявіннасьць сказьнёнага была даведзена, і яго сям'і была вернена чэсьць і сконфіскаваная маêтнасьць.

3. Монтэске, Дідро, Русо, Кенэ. Пабываў так сама ў Англіі вядомы ўжо ў тым часе францускі пісьменьнік, барон Монтэск,é, прэзыдэнт парлямэнту ў Бордо. Пражыўшы там два гады, вынес ён перакананьне, што Вялікая Брытанія ёсьць самы вольны край. Англійскія законы, якія вытварыліся на працягу гісторыі Англіі, здаліся яму верхам дзяржаўнае мудрасьці. Пад уплывам уражэньняў з свае падарожы ў Англію напісаў Монтэск'é знамяніты твор "Esprіt des loіs" (Дух законаў). Галоўнай думкай гэтае працы было тое, што дзяржаўная ўлада ёсьць траякая: законадаўчая, спаўняючая і судовая. Абавязковым варункам вольнага дзяржаўнага ладу ён лічыў разьдзéл гэтых трох галін улады, каб кароль, ці хоць сабе і рэспубліканскі ўрад не гаспадарыў самадумам, а каб быў зьвязаны законамі, якія выдае іншая ўлада, іменна народнае прадстаўніцтва, ды каб судзьдзі судзілі незалежна ад загадаў ураду, кіруючыся толькі сваім сумленьнем. Гэткі дзяржаўны лад быў якраз у Англіі пасьля выдаленьня Стюартаў. Констытуцыйна-монархічная форма ўраду зацікавіла тады шырокія кругі інтэлігенцыі ўва ўсёй Эўропе, a ў XІX в. гэтая форма была праведзена ў жыцьцё ў большасьці эўрапэйскіх дзяржаваў.

Пад уплывам Вольтэра і Монтэск'е стварылася цэлая армія пісьменьнікаў, якія займаліся філёзофскімі, палітычнымі і грамадзкімі пытаньнямі, разважаючы аб іх ці ў паважнай форме, ці ў бэлетрыстычнай або сатырычнай. Спаміж іх найвыдатнейшым быў Дідро, чалавек здольны, гарачы, знаходлівы. Зьявілася ў яго нязвычайная яшчэ, як на тыя часы, думка, каб абняць усю людзкую веду ў адным вялізарным слоўніку, названым энцыклёпэдыяй. З гэтаю мэтай згаварыўся ён з вядомым матэматыкам д'Алямбэрам, які напісаў дужа добрую прадмову да энцыклёпэдыі. Блізка ўсе выдатнейшыя тагачасныя вучоныя і пісьменьнікі,