Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/132

Гэта старонка была вычытаная

у тым ліку і Вольтэр, зьмесьцілі там свае творы. Ня гледзячы на вялікія перашкоды з боку духавенства, за 15 гадоў выданьне энцыклёпэдыі было скончана (1751-1766); складаецца яна з 25 вялізных тамоў.

Супрацоўніцтва зблізіла паміж сабою вольнадумных пісьменьнікаў і стварыла пэўную аднолькавасьць у іхніх паглядах; з гэтага часу сталі іх называць энцыклёпэдыстамі. Панаваў сярод іх дух Вольтэра, у якім злучаліся гуманітарныя і грамадзкія імкненьні з дэструкцыйнымі, а любоў — з ядам ненавісьці.

Іншым ужо духам праняты быў Жан Жак Русо (1712-1778), Швайцарац, родам з Жэнéвы. У жыцьці яго, так сама, як і ў Вольтэра, было нямала плямаў, але ягоныя імкненьні былі справядлівыя, розум геніяльны, творы-ж яго зрабілі ня меншы за дзейнасьць Вольтэра і экцыплёпэдыстаў, калі йшчэ ня большы, уплыў на ход пазьнейшых палітычных, грамадзкіх і культурных падзеяў Эўропы.

Быў ён праняты вéраю ў Бога і ў няўміручасьць душы і, выходзячы з гэтага пагляду, імкнуўся да адраджэньня чалавецтва і паказываў шляхі, якімі трэба йсьці да гэтага. Як Вольтэр апіраўся на розуме, так Русо-на пачуцьці. Асноваю ягонае тэорыі ёсьць думка, што ўсё выходзіць з рук Тварца дасканалым. Чалавек спачатку быў добрым і чэсным, але яго сапсавала цывілізацыя. Паварот да прыроды-гэта адзіны шлях дзеля адраджэньня чалавецтва. У сваёй пэдагогічнай повесьці "Эміль" даў Русо дужа добры абраз узгадаваньня, абапёртага на прыродных асновах; галоўную ўвагу зварачаў ён на фізычнае ўзгадаваньне, аб чым, праўда, і перад ім яшчэ гаварылі Лёк і Монтэнь, і радзіў паступова разьвіваць розум у аддаленьні ад вялікіх местаў.

У творы "Contrat socіal" (Грамадзкая ўмова) Русо лічыць, што грамадзянствы і дзяржавы стварыліся дзякуючы дабравольным умовам паміж вольнымі людзьмі, не прызнае констытуцыйнае монархіі, якую гэтак выхваляў Монтеск'é, a стаіць за дэмократычную рэспубліку, ідзе, значыць, далей, чым Лёк. Што праўда, ягоныя думкі аб "дабрацé і чэснасьці" первабытнага чалавека, аб „грамадзкай умове" ды яшчэ некаторыя іншыя ня вытрымліваюць ніякае крытыкі. Але ён ярка выявіў супярэчнасьць паміж натуральнаю, здароваю прастатою і штучнаю, гнілою цывілізацыяй, паказаў ненатуральнасьць і заганы тагдышняга ўзгадаваньня і нягоднасьць дзяржаўнага ладу. Уплыў тэорыі Русо быў дужа вялікі, хаця спачатку толькі павярхоўны. Расьпешчаная арыстократыя захоплівалася паглядамі Русо якраз за тое, што лічыла іх парадоксальнымі. Іншыя з яго думак, аднак, праводзіліся ў жыцьцë; так, прыкл., некаторыя маткі з арыстократыі пачалі самі карміць сваіх дзяцей і апранаць іх скромна; гэта была