Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/134

Гэта старонка была вычытаная

Як быццам на кліч італьянскага юрыста адазваўся ў Швайцарыі вялікі змаганьнік за народную прасьвету, Пэсталёці, пэдагог і прыяцель чалавецтва. Дагэтуль аб прасьвеце ніжэйшых слаёў грамадзянства клапацілася адно хіба духавенства і то найбольш дзеля рэлігійнага ўзгадаваньня. Пры гэтым протэстанцкае духавенства ў гэтай справе йшло далей, чым каталіцкае; яно-ж бо з самага пачатку свайго істнаваньня асаблівую ўвагу зьвяртала на навуку чытаньня, каб верныя маглі чытаць біблію. Сьледам за протэстанцкім, і каталіцкае духавенства, дзеля конкурэнцыі і дзеля захаваньня чыстасьці веры, побач з папярэдняй вуснай навукай ватахізму, рытуалу і моралі, ўвяло ў свае вясковыя школы такжа чытаньне і пісаньне (у местах, асабліва-ж у больш заможных, побач з вышэйшымі школамі ўжо ў сярэднія вякі існавалі й ніжэйшыя). Праўда, і апрача духавенства ў розныя часы і ў розных мясцох бывалі людзі, якія стараліся зьменшыць народную цемнату; аднак, іх стараньні былі часовымі, нятрывалымі. Толькі ад часу Пэсталёці сталі глыбей і шырэй займацца народнай прасьветай, а ў XVІІІ в. справа народных школаў стала адным з абавязкаў урадаў.

У Нямеччыне другая палова XVІІІ в. была пэрыодам найвышэйшага расцьвету літэратуры; дух гэтае літэратуры быў шырока-гуманітарны і саўсім новачасны. Абаронцам рэлігійнае толеранцыі быў Лéсінг, а найлепшым яе выяўленьнем-ягоная драматычная поэма „Натан Мудры". Ён не абмежаваўся аднымі толькі кпінамі і не аплёўваў ядам нéнавісьці хрысьціянскае веры; наадварот, хаця ён і ня бачыў істоты рэлігіі ў догматычных дэталях і абрадах, аднак, вымагаў узаемнае пашаны да чужое веры. Яго выступленьні і таму яшчэ мелі асаблівую культурна-грамадзкую вагу, што яго толеранцыя абыймала і жыдоў, тады гэтак пагарджаных і прыціснутых[1].

Гéрдэр прапаведаваў брацтва народаў, клічучы дужэйшыя народы шанаваць мову і звычаі нацыянальных мéншасьцяў і лічучы народную творчасьць крыніцай праўдзівае поэзіі.

У асобах двух найгеніяльнейшых нямецкіх поэтаў, якімі былі Гéтэ і Шылер, міжнародны гуманізм атрымаў магутнае падтрыманьне.

Жыў тады яшчэ адзін вялікі чалавек, Іммануэль Кант, тварэц новае філëзофіі, усебаковы вучоны і глыбокі мысьліцель.

  1. § 12.