Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/136

Гэта старонка была вычытаная

страцыю, стварыў марскую і сухаземную аружную сілу, стараўся нанова ажывіць гандаль і прамысловасьць, закладаў школы, абмежыў інквізіцыю і як мага аслабляў уладу духавенства. Бо ў духавенстве, асабліва-ж у езуітах бачыў ён галоўнае няшчасьце свайго народу. Перад усім выгнаў ён езуітаў з каралеўскага палацу, пасьля з школ і цэркваў. Спробу забойства караля, організаваную некалькімі вяльможамі дзеля асабістае помсты, ён выкарыстаў, каб зрабіць езуітам рашучы ўдар. Духаўнікоў гэных вяльможаў абвінавацілі, як іх супольнікаў; два з іх памерлі ў вастрозе, а аднаго, 80-цілетняга старыка, засудзілі задушыць і спаліць. Усіх іншых езуітаў Помбаль загадаў пазьбіраць на караблі і высадзіць на берагох Царкоўнае (папскае) Дзяржавы; маетнасьць іхнюю ён сконфіскаваў на карысьць дзяржавы і парваў усякія адносіны з Апостальскаю Сталіцаю.

2. Выдаленьне езуітаў з Францыі і Гішпаніі. Кароль ІІІ (1759-1788). Хаця ўсé ганілі лютасьць Помбаля, але і другія дзяржавы пачалі рабіць паводле яго прыкладу. Як ужо было сказана, езуіты ўмелі павялічаваць свае багацьці дужа добра ведзеным гандлем, прычым не перабіралі надта ў спосабах. Адзін з іхніх загадчыкаў у Заходняй Індыі абвесьціў сваё банкруцтва на 3 міліёны франкаў, генэрал жа ордэру (у Рыме) адмовіўся вярнуць страты пацярпеўшым, хаця ўсім было ведама, што той езуіт займаўся гандлем не ад сябе, але ад імя ордэру. Справа пайшла ў суд. Парыжскі парлямэнт, хаця зложаны найбольш з каталікоў, але воража настроеных да езуітаў, запатрабаваў прадстаўленьня статутаў ордэру і прызнаў іх небясьпечнымі для дзяржавы. Францускі ўрад запатрабаваў, каб статуты былі зьменены, але генэрал Рыччы адказаў гэткімі словамі: ,,Sіnі ut sunt, aut non sіnt" (хай будуць, якія ёсьць, або саўсім хай іх ня будзе). Тады францускія парлямэнты, у згодзе з міністрам Шуазэлем, прысудзілі статуты езуіцкія спаліць, а таварыства іхняе, як нязгоднае з дзяржаўным парадкам, выдаліць з Францыі.

Сьледам за Францыяй пайшла Гішпанія. З таго часу, як там пачалі гаспадараваць Бурбоны, гэты нешчасьлівы край, дзякуючы добрым каралём і міністрам, пачаў падыймацца з заняпаду. Гішпанскі кароль Кароль ІІІ быў адным з самых энэргічных і разумных монархаў свайго сталецьця. Ён акружыў сябé міністрамі, шчыра пранятымі ідэямі прасьветы; адзін з іх, Кампоманэс, здабыў вялікую славу сваімі творамі. Справядлівым падзелам падаткаў і ашчаднасьцяй двара Кароль ІІІ шмат памог зямляробству. Каб засяліць спустошаныя прасторы, ён заклікаў тысячы чужых колёністаў ды навет, ня гледзячы на агульнае нездаваленьне