Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/141

Гэта старонка была вычытаная

3. Сямілетняя або трэцяя Сілезская вайна (1756-1763). а) Рэзультаты аўстрыйскае спадчыннае вайны і прычыны сямілéтняе вайны. Аўстрыйская спадчынная вайна значна зьмяніла палітычныя адносіны ў Эўропе. Аўстрыя, хоць і страціла праз я багатую провінцыю, але ўзмоцнілася ўнутры дзякуючы некаторым рэформам, праведзеным Марыяй Тарэсаю і яé міністрам Каўніцам; важнейшыя з гэтых рэформаў адносіліся да войска і фінансавае гаспадаркі. У баявым агні паднялася йзноў аўстрыйская армія, і ў ёй зьявіліся новыя таленты ваяводаў, як Кароль кн. Лётарынскі, Даўн, Ляўдон, якія добра працавалі над рэорганізацыяй арміі. Пасьля вайны Аўстрыя разам з Вэнгрыяй, якая першы раз умяшалася да аўстрыйскіх войнаў у Нямеччыне, занялі сярод эўрапэйскіх дзяржаваў мацнейшае, чым калі даўней, становішча. З другога боку, Прусія, павялічаная далучэньнем гэткае моцнае і багатае провінцыі, як ні адна з тых, што ўперад былі ў яе межах, маючы дысцыплінаванае і добра вымуштраванае войска, станула ў рад наймацнейшых дзяржаваў. Гэткае палажэньне дзьвёх дзяржаваў Імпэрыі не магло ня выклікаць антагонізму і спрэчак. Не магла Марыя Тарэса згадзіцца з утратай Сілéзіі ды спакойна глядзець на рост магутнага конкурэнта ў Імпэрыі; завідлівым вокам прыглядаліся да гэтага й іншыя дзяржавы.

Ужо ў першыя гады пасьля Аахенскага міру ў Вéне, Парыжы, Пецярбурзе, Лёндане і Дрэздэне каваліся пры дварох інтрыгі, рабіліся ўмовы, якія мелі на мэце ні больш, ні менш, як тое, каб караля прускага зрабіць ізноў Брандэнбурскім маркграфам. Пры гэтым Сілезія была-б вернена Аўстрыі, Усходнюю Прусію мéлася атрымаць Расéя, Памор'е адыйшло-б да Швэдзіі, а Магдэбург - да Саксоніі. Яшчэ ўперад гр. Каўніц падаваў аўстрыйскай радзе думку схаўрусавацца з Францыяй ды адабраць Сілезію. Ад 1753 г. гр. Каўніц, які перад гэтым тры гады быў паслом у Вэрсалі, стаў, як канцлер двара і дзяржавы, кіраваць аўстрыйскаю палітыкай і вёў яé, імкнучыся да саюзу з Францыяй. Розныя прыдворныя партыі ў Вэрсалі гэтак сама хацелі парваць з блізка 300-гадоваю францускаю палітыкай, варожай да Аўстрыі.

У тым-жа часе ўсё больш псаваліся француска-англійскія адносіны. Вонкавай прычынай для новае вайны паслужылі гранічныя спрэчкі паміж Англіяй і Францыяй за прасторы ў Паўночнай Амэрыцы (над р. Огіо), якія выклікалі вайну паміж гэтымі дзяржавамі ў колёніях і на моры (1755)[1]. Каб забясьпечыць свае валаданьні на сухазéмлі (Гановэр) ад нападу Французаў, Юры ІІ ўмовіўся з расéйскай імпэрат-

  1. § 13