Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/143

Гэта старонка была вычытаная

францускае войска, якім кіраваў ген. Субіз, разам з імпэрскім нямецкім войскам апынулася ўжо ў глыбіні Тюрынгіі. Фрыдрык ІІ пайшоў туды пасьпешным маршам, неспадзявана ўдарыў на францускія і нямецкія войскі і пад Росбахам гэтак разьбіў іх, што яны рассыпаліся. У гэтым часе Аўстрыякі занялі Сілезію. 3 уласьцівай яму хуткасьцяй і спраўнасьцяй перайшоў кароль прускі спад Росбаху ў Сілезію і пад Лёйтэнам разьбіў перавышаўшую яго сіламі аўстрыйскую армію.

У 1758 годзе шчодрыя субсідыі Пітта і англійскае войска ў Гановеры, ваявода якога, кн. Брауншвэйгскі, разьбіў Французаў і прагнаў іх за Рэйн, выратавалі Фрыдрыка ІІ. Але пачыналі надыходзіць Расейцы. Пад Цорндорфам Фрыдрык ІІ з вялікім высілкам перамог расейскую армію, але на другі год ужо ня мог папярэдзіць злучэньня Расéйцаў з Аўстрыякамі пад камандаю Ляўдона і з гэтае прычыны мéў страшную няўдачу пад Кунэрсдорфам. Толькі дзякуючы нязгодзе і непарадкам у яго супраціўнікаў гэтая няўдача не зрабіла канца ягонаму панаваньню і прускай монархіі. Бо замест таго, каб зараз пасьля перамогі пайсьці, злучыўшыся, на Бэрлін і заняць Брандэнбург, саюзьнікі йзноў разыйшліся. Таксама і на другі год (1760) Аустрыякі і Расéйцы не маглі згаварыцца аб супольнай дзейнасьці. Гэта-ж толькі і палажэньне Фрыдрыка ІІ, а за тое трудней яму стала з іншага боку. Іменна, з прычыны ўпадку габінэту Пітта (1760) Англія спыніла выдачу яму субсідый і адклікала свае войскі; страціў ён, значыць, адзінага свайго саюзьніка. Ня гледзячы на яшчэ адну вялікую перамогу пад Торгаў, палажэньне Фрыдрыка ІІ рабілася ўжо безнадзейным. Шарэнгі войск яго ўсё больш радзелі. Краі яго бязлюдзелі і руйнаваліся агнём, мячом, рабункамі і выдаткамі на вайну. Дзяржаўная каса была пустая. Здавалася, што ўжо блізкі час, калі Фрыдрык ІІ апыніцца бяз арміі ды без магчымасьці стварэньня яе.

Але вось раптам памірае імпэратрыца Альжбета. Гаспадараваць у Расéі стаў Пётра III, фанатычны прыхільнік Фрыдрыка ІІ, які ня толькі зрабіў з ім мір, але і саюз. Праўда, праз паўгода памёр Пётра ІІІ, а яго наступніца, Кацярына ІІ, адклікала расейскія войскі, але Фрыдрык ІІ скарыстаў з гэтага і ў бітве пад Сьвідніцаю разьбіў Аўстрыякаў (1762).

Усé ваюючыя дзяржавы аканчальна выбіліся з сілаў. У 1763 г. быў зроблены ў Губэртсбургу мір паміж Францыяй і Аўстрыяй - з аднаго боку і Прусіяй - з другога, а ў Парыжы - паміж Францыяй і Гішпаніяй - з аднаго боку і Англіяй - з другога. Тэррыторыяльных зьменаў у Эўропе не адбылося.