Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/144

Гэта старонка была вычытаная

Англія трыумфавала, а Францыя ў рэзультаце вайны страціла шмат свайго значэньня і павагі, што ў пэўнай меры памагло разьвіцьцю ў гэтым краі кірункаў, варожых істнаваўшаму грамадзкаму і палітычнаму ладу. Аднак, у няўдачах у сухазéмнай вайне былі вінаваты найбольш няздольныя ваяводы, прыдворныя фаворыты, а ня войска, якое яшчэ ня страціла свайго ваеннага духу. За тое схаўрусаваная з Францыяй Аўстрыя, хоць і не атрымала карысьці з вайны, але выйшла з яé з гонарам, даўшы довад свае мілітарнае моцы. Расéя-ж у сямілетняй вайне першы раз выступіла, як вялікая эўрапейская дзяржава з магутным уплывам на справы заходняе Эўропы; расейскае войска вызначылася вялікаю вытрываласьцяй у бітвах. Прусія асталася пры сваіх здабычах з спадчаннае вайны і пачала лічыцца магутнаю мілітарнаю дзяржавай. Фрыдрык ІІ уславіўся ў сусьветнай гісторыі, як першарадны ваенны геній. Прускае войска, як некалісь швэдзкае, сталася прыкладам для другіх дзяржаваў.

4. Унутранае гаспадараньне Фрыдрыка II (1740-1786). Фрыдрык Вільгэльм І (1787-1797). Скончыўшы сямілетнюю вайну, Фрыдрык II здаволіўся здабытаю славаю і ня шукаў больш шчасьця на полі бітваў, хаця не пакінуў клапаціцца аб павялічэньні сваё тэрыторыі, довадам чаго зьяўляецца падзéл Польшчы.

3 ня меншаю энэргіяй, як на вайнé, і з ня меншым спрытам, як у дыплёматыі, заняўся Фрыдрык ІІ адміністрацыяй краю, які, бязьмерна зруйнаваны вайною, вымагаў стараннае працы. Перад усім памагаў ён адбудоўваць разбураныя месты і вёскі ды падтрымліваў зямляўласьнікаў і сялян, каб даць ім магчымасьць падняць з упадку зямляробства. Гаспадарыў гэтак, як і іншыя „прасьвечаныя монархі" таго часу: паводле свае ўласнае думкі. Можна сказаць, што гаспадарыў ён больш абсолютна, чым навет Людвік XІV; міністры толькі спаўнялі яго волю: усё, не выключаючы найменшых драбніц, праходзіла праз яго габінэт, усё рабілася з яго ведама і згоды.

Найпільнейшай дзяржаўнаю справаю лічыў ён вялікае, добра вымуштраванае і заўсёды гатовае да бою войска і напаўненьне дзяржаўнае касы. З гэтаю мэтай расходаваў ён на свой двор вельмі скромныя, як на тыя часы, сумы, робячы ашчаднасьці навет на сваіх асабістых выдатках, а ў той-жа час накладаў немагчыма цяжкія падаткі і мыты. І мяйсцовыя, і загранічныя вырабы былі абложаны ўсякімі падаткамі і цяжарамі; дзеля збору падаткаў ужываў Фрыдрык ІІ навет францускіх урадоўцаў, што ўдвая дражніла насяленьне. Гэткаю тактыкай ён сам разьбіваў свае пляны экономічнага падняцьця краю. Пагляды яго на дабро нася-