Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/147

Гэта старонка была вычытаная

варыць імпэратара ад проціцаркоўных рэформаў. Язэп ІІ прыняў яго з вялікай пашанай, рэвізытаваў яго навет у Рыме, але на уступкі не пайшоў.

З ня меншай энэргіяй заняўся Язэп ІІ грамадзкімі справамі. Скасаваў ён прыгон, завёўшы шмат мякчэйшую форму яго: спадчыннае чыншовае права; скасаваў падатковыя прывілеі шляхты і духавенства, устанавіўшы адзін для ўсіх зямельны падатак, ня гледзячы на стан уласьніка. Завёў, наагул, роўнасьць перад законам, даў свабоду друку, зьмякчыў крымінальныя законы, скасаваў, праўда, толькі часова, сьмяротную кару і ўвесь час думаў аб новых паляпшэньнях.

2. Канец панаваньня Язэпа ІІ. У сваей рэформатарскай стараннасьці Язэп ІІ паўтараў звычайныя памылкі прасьвечанага абсолютызму. Ува ўсё ён мяшаўся, усё хацеў сам зрабіць паводле свае фантазіі і не цярпеў опозіцыі. Загадаў ён, прыкл., каб нябожчыкаў хавалі ў мяшкох, а не ў трунах, каб гэтак хутчэй адбываўся іх расклад. Маючы чыстыя і шчырыя намеры, думаў ён, што яго загады заўсёды ўдачныя; аднак, часта яго разважаньні былі памылковыя ды і рэзультаты не адпавядалі ягоным мэтам. Гэтак, прыкл., ён думаў, што падыйме дабрабыт дзяржавы, калі спыніць усякія гандлёвыя зносіны з заграніцаю, забараняючы пад страхам цяжкое кары прывазіць загранічныя тавары, -што было, ведама, экономічнаю памылкай.

Каб лягчэй і пэўней зьдзейсьніць свае намеры, надумаў ён з краёў, што ў розныя часы і розным спосабам былі пад уладаю Габсбургаў злучаны між сабой даволі павярхоўна, зрабіць адналітую дзяржаву з абсолютным гаспадараньнем, адзінымі законамі і аднолькавай адміністрацыяй, ды з урадовай нямецкай мовай. Было гэта навіною, бо да таго часу ніхто не клапаціўся аб мову і звычаі насяленьня ў краёх, далучаных да якое-небудзь дзяржавы, і навет у дзяржавах, даволі аднародных этнографічна, шанавалі провінцыяльныя асобнасьці. Дык-жа цэнтралістычныя рэформы сярод народаў з рознымі мовамі, у краëх, злучаных з Аўстрыяй часта толькі дабравольнымі трактатамі, маючых сваё мяйсцовае самаўрадаваньне, выклікала агульнае абурэньне. Протэставалі ўсé, а найбольш Вэнгры і Бэльгійцы, як найдужэйшыя і маючыя найбольшую нацыянальную сьвéдамасьць.

Адна рэформатарская дзейнасьць не здаваляла Язэпа ІІ; захацелася яму здабыць славу заваявальніка. Яшчэ пры Марыі Тарэсе ён распачаў новую вайну з Прусамі. Калі вымерла ў Баварыі дынастыя курфюрстаў (1778), надумаўся ён-быццам з прычыны спадчынных пратэнсіяў захапіць частку гэтага краю. Фрыдрык ІІ, які завідлівым вокам глядзеў на пашырэньне Аўстрыі коштам нямецкіх зямель, кі-