Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/25

Гэта старонка была вычытаная

Адначасна паўстанцы былі разьбіты і ў іншых мясцох. У Альзасе Лётарынгскі князь хітрасьцю ўзяў у палон і выразаў да аднаго 1700 паўстанцаў, ламаючы зробленую з імі ўмову, якой сам забясьпечаваў ім жыцьцё. У Швабіі і ў Франконіі войскі швабскага саюзу перамаглі паўстанцаў і зьнішчылі іх да званьня. Цэлымі тысячамі сьляпілі, вéшалі, садзілі на кол, калесавалі, палілі; доля-ж рэшты сялянства ня толькі не палепшала, а навет шмат дзе і шмат у чым пагоршала.

Праз дзевяць гадоў пасьля гэтых выпадкаў анабаптысты ізноў паднялі бунт. Гэта было ў Вэстфаліі, у Мюнстэры. Правадыром тамака быў кравец Ян з Лейдэну, які сьледам за Мюнцэрам абвяшчаў прыход "Царства Божага" на зямлю і пацягнуў за сабою большасьць насяленьня Ён абвесьціў сябе каралём і ўстанавіў для "сваіх падданых" новую грамадзянскую арганізацыю, ў якой галоўнае месца займала супольная ўласнасьць і многажэнства.

Імпэратарскае войска аблягло места. Грамадзяне распачліва бараніліся, але ў канцы былі прымушаны пакарыцца. Ізноў паліліся рэкі крыві, пачаліся страшэнныя гвалты.

Такі сумны канец мелі спробы прыгнечанага люду разам з царкоўнай рэформай дабіцца і паляпшэньня свайго зямнога быту.

11. Арганізацыя і пашырэньне рэформацыі. Здавалася на мамэнт, што лютарскі царкоўны рух, які ўважалі за прычыну разрухаў, утоне ў хвалях сялянскае вайны. У Паўднёвай Нямеччыне жаўнеры швабскага саюзу рабілі формальныя аблавы на прыхільнікаў Лютара і вешалі іх гуртам на прыдарожных дрэвах. Але курфюрст Ян астаўся верным прыхільнікам і протэктарам рэформацкага руху. Пад яго апекаю Лютар шчасьліва правёў царкоўную рэформу ў Саксоніі. Ягоным верным памоцнікам у гэтай справе быў Піліп Мэлянхтон, вітэнбэрскі профэсар. Гэты сур'ёзны вучоны-гуманіст быў чалавекам зраўнаважаным і спакойным, з крытычным розумам, адным словам, мéў усé тыя рысы, якіх не хватала Лютару, а якія былі канечна патрэбныя для закладзінаў новае рэлігіі і новае царкоўнае арганізацыі. Вось-жа гэтыя два чалавекі, як самі яны казалі, "зрэформавалі царкву", значыцца, аднавілі ў ёй быццам той парадак, які, на іх думку, істнаваў у першыя вякі хрысьціянства. Апіраючыся на эвангельле і сьв. Паўлу, яны лічылі міласэрдзе Божае за адзіны варунак збаўленьня і адкідалі багамольныя падарожы, пасты, манашства, не прызнавалі нябеснага заступніцтва Дзéвы Марыі і сьвятых. Імшу, якую царква ўважала за паўтарэньне ахвяры Хрыста, яны замянілі толькі комуніяй (прычасьцем), завялі ў набажэнстве родную мову