Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/40

Гэта старонка была вычытаная

каб адну прымусовую веру замяніць другою, гэтак сама прымусоваю, але ў тым, каб дапусьціць дух вольнага шуканьня праўды.

Адзнакаю кальвінскае царкоўнае організацыі была яе поўная демократычнасьць. Апрача таго, кальвінізм адзначаўся ваяўнічым духам, бо Кальвін наўчаў, што прасьледаваць бязбожнасьць і ўводзіць рэформацыю ёсьць абавязак улады. Гэты демократычна - ваяўнічы настрой пры самаўладзтве выбарнае галоўнае ўлады кальвінскіх грамадаў і пры догмаце аб прэдэстынацыі ў значнай меры ўплываў на ролю, якую пасьля іграў кальвінізм у гісторыі чалавецтва. Толькі шмат пазьней кальвінізм пазбыўся свае вострасьці ды панурасьці ў жыцьцёвых справах.

У Швайцарыі кальвінізм злучыўся з цьвінгліянствам у адно рэформаванае вызнаньне.

5. Рэформа ў Скандынавіі. Разьвязаньне Кальмарскае уніі. Густаў Ваза. У той час, як кальвінізм захопліваў паўднёвы захад, лютаранства займала паўночны ўсход.

Увядзеньне рэформацыі адбылося тут у лучнасьці з вялікімі гістарычнымі пераваротамі.

Швэдзія, Данія і Норвэгія ад 1397 году, на моцы ўмовы ў Кальмары, аб якую старалася данская каралева Маргарыта, былі злучаны пад панаваньнем аднаго караля. Гэтае аб'яднаньне, ці унія, спачатку мéла мэтаю вызваленьне трох паўночных каралеўстваў ад эканамічнае залежнасьці ад Ганзы; аднак, гэтае мэты яно не дасягнула. Ва ўсіх трох краёх каралеўская ўлада значыла мала; фактычна ўлада была ў руках магнатаў і біскупаў, якія валадзелі вялікімі абшарамі і прыціскалі мястовае і вясковае насяленьне, дзеля таго знаходзіўшаеся ў цяжкім эканамічным палажэньні. Дзеля гэтага не разьвівалася і свая прамысловасьць, якая толькі хіба і магла-б вызваліць гэтыя краі ад эканамічнага панаваньня Ганзы.

З прычыны таго, што дынастыя была данская і кароль рэзыдаваў у Копэнгазе, Швэды ад самага пачатку няпрыхільна глядзелі на унію. Праз увесь 15 вéк Швэды, кіраваныя намесьнікамі землякамі, увесь час дабіваліся большае самастойнасьці і поўнае незалежнасьці, здабывалі ўсё большыя прывілеі і дабіліся ўрэшце таго, што унія зрабілася фікцыяй, а залежнасьць ад Даніі блізка саўсім счэзла.

Гэтае палажэньне зьмянілася ў 1520 годзе, калі данскі кароль Крыштын ІІ ўварваўся ў Швэдзію і сілай дабіўся ад Швэдаў, каб яго ўкаранавалі. Як толькі гэта сталася, ён загадаў пакараць сьмерцяй 90 сябраў швэдзкае Дзяржаўнае Рады - баяраў, біскупаў і мяшчан. Загадаў гэтак сама рабіць і ўва ўсім краі, спадзяючыся, што гэтым згняце дух