Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/42

Гэта старонка была вычытаная

На месца Крыштына ІІ ў Даніі выбралі за караля ягонага дзядзьку Фрыдрыка І, кн. Гольштынскага. Новы кароль нейкі час мусіў весьці барацьбу з партыяй, якая верна стаяла за Крыштына ІІ; між іншым, Крыштына любіў вясковы і мястовы народ, які ў крывавым ворагу шляхты бачыў свайго абаронцу. Аканчальная перамога Фрыдрыка была галоўным чынам перамогаю баярства; данскі-ж народ трапіў пад яшчэ горшы уціск, чым быў уперад. Фрыдрык І прызнаў Густава шведзкім каралём і падпісаў з ім саюз. Норвэгія асталася ў Уніі з Даніяй.

Фрыдрык I данскі быў лютаранінам і дзеля таго правёў у сойме пастанову, якою давалася вольнасьць вызнаньня прадстаўніком новае царквы. Баючыся рэформацыі, каталіцкае духавенства і паны пасьля сьмерці Фрыдрыка І не хацелі выбіраць ягонага сына Крыштына. Настала даўгое безкаралеўе, у часе якога узгарэлася паўстаньне мяшчан у Копэнгазе, а таксама вясковага люду; паўстаньні гэтыя падтрымлівала Ганза. З прычыны грознага палажэньня паны згодзіліся, каб каралём быў Крыштын III (1524-1539). Крыштын даўгі час аблягаў Копэнгагу і ўрэшце яе здабыў. Вайна скончылася мірам у Любэку, паводле якога Ганза страціла ўвесь свой палітычны ўплыў на скандынаўскія гаспадарствы.

Надыйшоў час рэформацыі і ў Даніі. На сойме (1536) была прынята пастанова, што толькі навука Лютара ёсьць пануючай у Даніі. Царкоўныя маêтнасьці падзялілі папалове між сабой карона і баярства. Гэтак сама была праведзена рэформацыя і ў Норвэгіі, а пасьля даўгога адпору-і ў Ісляндыі. Як у Швэдзіі, гэтак сама і ў іншых краёх забаронена вызнаваць каталіцтва.

Эканамічная і гандлёвая сувязь з Ганзаю адгэтуль замянілася рэлігійнаю лучнасьцяй скандынаўскіх гаспадарстваў з протэстанцкаю Нямеччынаю.

6. Пачатак рэформацыі ў Англіі (1534) за часоў Гэнрыка VІІІ (1509-1547) і Эдварда VІ (1547-1553).

Бацькаўшчына Віклефа, як і Швэдзія, адарвалася ад Рыму ня гэтулькі з перакананьня, сколькі дзеля вытварыўшыхся абставінаў і волі монархаў.

Наступнікам закладчыка дынастыі Тюдораў, Гэнрыка VІІ, быў ягоны сын Гэнрык VІІІ (1509-1547). Быў гэта монарх дэспотычны, жорсткі, а ў хатніх справах-проста Сінябароды з казак. Каб здаволіць свае капрысы, ён заўсёды быў гатоў ахвяраваць самыя важныя інтарэсы народу, над якім панаваў; найменшае супраціўленьне яго волі лічыў найвялікшым злачынствам, за якое ня было даволі цяжкое кары. Здаваласа яму, што ён вялікі тэолёг, і затым у часе першых вы-