Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/62

Гэта старонка была вычытаная

насьці Голяндыі. Узьняліся партыйныя звадкі, загостраныя рэлігійнымі спрэчкамі. Армініус, профэсар Лейдэнскага унівэрсітэту, выступіў супроць прэдэстынацыі. Скліканы ўмысна дзеля гэтага паміжнародны кальвінскі сабор разьвязаў справу ў духу Кальвіна і зганіў навуку Армініуса, як гэрэтыцкую. Морыц, карыстаючыся з ненавісьці народу да армініянаў, дабіўся казьні старога Ольдэнбарнэвэльта за спогад гэрэзіі. Вялікага вучонага Гроціуса, прыяцеля і прыхільніка Ольдэнбарнэвэльта, прысудзілі на дажывотнюю вязьніцу, з якое яму, аднак, удалося ўцягы.

Гэтыя партыйныя звадкі паўтараліся ўвесь час, аж пакуль ня скончыліся поўнай перамогаю кн. Оранскіх, якія, як спадчынныя намесьнікі ўсіх провінцыяў, здабылі сабе блізка што монаршую ўладу.

Ня гледзячы на гэтыя ўнутраныя звадкі, Голяндыя бязупынна йшла наперад. У хуткім часе марская магутнасьць Португальцаў саўсім разьвéялася; месца Португаліі заняла Голяндыя. Чым была некалісь Гоа, тым цяпер стала Батавія. Голяндцы занялі край Лукі Добрае Надзеі ў Афрыцы, пасяліліся таксама ў Амэрыцы, дзе зрабілі пачатак вялікае мэтрополіі Новага Сьвéту, закладаючы Новы Амстердам, які цяпер называецца Новым Ёркам (Нью-Ёрк). Яны-ж адсунулі Ганзу ад гандлёвых зносін з усходняй Эўропай, а Італьянцаў выперлі з Леванту; адным словам, ня было галіны гандлю і мораплаваньня, якой-бы яны не апанавалі.

У Амстердам, які зрабіўся наступнікам Вэнэцыі, Ліссабону і Антверпэну, сьцякаліся багацьці ўсяго сьвету, і праз увесь XVІІ вéк рэспубліка над Зюдэрзээ была бязумоўна найважнейшым гаспадарствам марскога гандлю на зямлі. Удзяржаньне такога становішча было галоўнаю мэтаю дзейнасьці ўсіх дзяржаўных мужоў і законадаўцаў Голяндыі; гэта ад іх навучыліся монархі, што трэба рупіцца ня толькі аб ваенную славу ды аб рэлігію сваіх падданых, але таксама аб асновы іхняга дабрабыту, аб гандаль, прамысловасьць і земляробства.

Побач з матар'яльным расцьвéтам ішоў і разумовы, якому шмат памагло тое, што Голяндыя, згодна з духам тварца яе незалежнасьці, Вільгельма Оранскага, давала прытулак усім вызнаньням і спосабам думаньня.

Калі скончылася армініянская спрэчка, у Голяндыі настаў час агульнае і шырокае толеранцыі. Гэты край быў адзіным ува ўсéй Заходняй Эўропе, дзе кожная думка магла быць выказана ці вусна, ці пісьмом. У Голяндыі знаходзілі сабе прытулак усé прасьледаваныя ў іншых краёх байцы за ідэю, і адтуль разыходзіліся па сьвеце "забароненыя" друкі на ўсіх мовах. Гэта там жыў Барух Сьпіноза († 1677), якога сям'я ўцякла з Португаліі ад грознае інквізіцыі, філёзоф-пантэіст, і пісаў няўмірушчыя свае творы, прызнаныя за