Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/70

Гэта старонка была вычытаная

Гэнрыку ІV месты, пераходзяць на яго бок ваяводы, а ён сам, дзякуючы сваёй паблажлівасьці, памагаў кожнаму зрабіць гэты крок. Парыж таксама адчыніў яму свае брамы; пры радасных вокліках народу, які йшчэ так нядаўна яго праклінаў, прыняў Гэнрык ІV пад сваю ўладу Парыж. Дзеля гэтага ўсе пляны Піліпа паблуталіся, і пры падпісаньні міру ў Вэрвэн ён быў прымушаны прызнаць Гэнрыка каралём Францыі і аддаць яму мясцовасьці, занятыя Гішпанцамі (1598).

У гэтым-жа годзе счэзьлі апошнія сьляды лігі, і Гэнрык ІV закончыў пэрыод рэлігійных войнаў вядомым нантскім Эдыктам (1598). Гэтым эдыктам ён даў сваім быўшым аднаверцам роўныя грамадзянскія правы з каталікамі, дазволіў ім вольна адпраўляць набажэнствы, праўда, з некаторымі дробнымі агранічэньнямі, якія, як ён лічыў, трэба было ўвесьці дзеля ўсё яшчэ сільнае ненавісьці паміж каталікамі і протэстантамі. Дый такі эдыкт сустрэўся з вялікім адпорам і няпрыхільнасьцю, але кароль усё-ж паставіў на сваім. Апрача таго, ён мусіў пакінуць гугенотам некалькі крэпасьцяў на ўсялякі прыпадак.

Зрабіўшы гэта, Гэнрык ІV шчыра ўзяўся за залечаваньне ранаў, зробленых краю хатнімі войнамі. На сваё шчасьце, знайшоў ён сабе разумнага супрацаўніка ў асобе кн. Сюльлі, гугенота. Кн. Сюльлі здалеў упарадкаваць разруханую грашавую гаспадарку Францыі сваёю ашчаднасьцю, прычым адначасна зьмяншаў і цяжар падаткаў для народу. Абодвы ўсю сваю ўвагу зварачалі на падняцьце крыніцаў народнага дабрабыту. Пад той час, як Сюльлі больш увагі зварачаў на гаспадарку і гадоўлю скаціны, якія называў сярэбранымі капальнямі для гаспадарства, Гэнрык ІV стараўся падняць прамысловасьць, цягнучы да сябе чужаземных працаўнікоў і даючы ўсялякія прывілеі прамысловай працы. Дзякуючы галоўным чынам яму, Францыя завяла гадоўлю шаўковых чарвякоў і выраб шоўку. Дзеля падтрыманьня гандлю Сюльлі правёў гэткую густую сець дарог, якое нідзе ня было ў Эўропе ад рымскіх часоў, пакапаў каналы, зрабіў рэкі сплаўнымі, будаваў масты і гасьцінцы. Мéў ён яшчэ важны плян ажывіць і зрабіць даступным мораплаўства. Па яго думцы Францускі шляхціц Шамплéн залажыў колёнію Канаду, аб'яжджаючы раку сьв. Лаўрэна (1608), ды закладаючы месты Квэбэк і Монрэаль.

Хаця і ня споўнілася анекдотычнае пажаданьне Гэнрыка ІV, каб кожны селянін што-нядзелю мéу курыцу ў гаршчку, але народ памятаў ягоныя добрыя намеры і да гэтага часу славіць яго ў песьнях, легендах і анекдотычных аповесьцях, што пачынаюцца славамі:

"C'étaіt jadіs du temps du bon Henrі..."