Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/92

Гэта старонка была вычытаная

на мір у Німвэгене (1678), па якому за ўсё павінна была заплаціць Гішпанія, аддаючы Францыі частку Бэльгіі (Валянсьéн і г. д.) і Франш-Контэ.

Ад гэтага часу пыха і самавольства францускага караля ня мелі граніцаў. Знайшоў ён спосаб захапляць чужыя землі мірным шляхам. Ён устанавіў адумысловыя суды: Chambres de réunіon (суды для адбіраньня назад), заданьнем якіх было вышуківаць землі, што некалісь належалі да толькі што атрыманых ім провінцыяў; апіраючыся на пастановы гэтых судоў, ён адабраў у Нямеччыны і Гішпаніі шмат мéстаў і вёсак, а між імі - гэткае важнае места, як Страсбург (1681). Hіхто гэтаму не працівіўся. Але і апроч таго Людвік XІV, дзякуючы прадажнасьці некалькіх князёў Імпэрыі, гаспадарыў у значнай частцы Нямеччыны, быццам у сваім уласным краі. Таксама і ў Італіі пачуваў ён сябе гаспадаром і панам. Дрэнна даводзілася тэй італьянскай дзяржаве, якая адважалася не паслухаць ягоных загадаў. На Гéную, прыкладам, загадаў ён кінуць каля 14 тысяч бомбаў быццам за нейкую абразу; навет з папай ён абходзіўся, як з сваім васалем. Недалёка ўжо было да дыктатуры Людвіка XІV над Эўропаю.

6. Скасаваньне Нантскага эдыкту. (1685). Кольбэр, які ўперад палягчыў быў падаткі народу, ды паказаў яму дарогі да ўзбагачаньня, каб здабыць грошы на войны Людвіка XІV, быў прымушаны ізноў давесьці народ да галіты і памёр глыбока парушаны гэтым (1683). У Кольбэры Францыя страціла быццам свайго апякуна; кароль пад старасьць трапіў пад уплывы грубога Лювуа, езуіта Ля Шэз і біготкі, пані дэ-Мэнтэнон, з якою пазнаёміўся, як з вучыцелькаю дзяцей аднае з сваіх каханак, ды з якою пасьля ажаніўся. Гэтую зьмéну найцяжэй адчулі гугеноты. Ўжо даўно каталіцкае духавенства імкнулася да зьніштажэньня францускіх протэстантаў, а кароль прыхільна слухаў іхных намоваў.

З сьмерцяю Кольбэра, які шанаваў гугенотаў, як працавітых і старанных падданых, ды дзеля таго як мага іx бараніў, яны страцілі апошняга свайго абаронцу, і Людвік XІV распачаў поўнае зьніштажэньне таго, што зрабіў ягоны дзéд. Ад бацькоў адбіралі дзяцей, каб гадаваць іх пакаталіцку, не дапускалі гугенотаў да ніякіх урадаў і навет да рамёслаў, руйнавалі протэстанцкія зборы. Каб пераварачаць на каталіцтва, ня брыдзіліся ніякімі спосабамі. А найспрытней карыстаўся гэтымі спосабамі Лювуа; у протэстанцкіх дамох стаўляў ён на пастой драгунаў, дазваляючы ім чыніць усялякія гвалты.