Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/97

Гэта старонка была вычытаная

вонію і Трансыльванію (Сямігародзьдзе). Яшчэ больш славы прынёс кн. Аўгéн, як адважны ваявода і дзяржаўны дзеяч, панаваньню імпэратараў Язэпа І (1705-17011) і Караля VІ (1711-1740) сваімі перамогамі ў вайне за гішпанскую спадчыну ды здабыцьцём для Габсбургаў Бэльгіі, Лёмбардыі, Нэапалю і Сыцыліі. Пасьля гэтага ён ізноў пайшоў вайною проці Туркаў, разьбіў іх у 1716 г. пад Пэтраварадынам, здабыў моцную крэпасьць Белград і далучыў да Аўстрыі Банат (рэшту Вэнгрыі, паміж Марошам і Цісаю), паўночную Сэрбію і Валошчыну да Алюты (1718).

Хутка, аднак, Аўстрыя страціла частку гэтых здабыткаў. Кароль VІ ўмяшаўся ў змаганьне за польскі пасад пасьля сьмерці Аўгуста ІІ (1733) і з гэтае прычыны павадзіўся з Францыяй. Распачалася вайна за польскую спадчыну, у якой ужо старому князю Аўгéну не шанцавала, і імпэратар быў прымушаны ў 1735 г. адступіць Нэапаль і Сыцылію бакавой лініі Бурбонаў. Калі Кароль VІ, ужо пасьля сьмерці свайго вялікага ваяводы (1736), захацеў у вайнé з Туркамі нагарадзіць сябé за страты, дык і тут мéў гэтулькі няўдачаў, што быў прымушаны па Белградзкаму міру (1739) вярнуць Турцыі Сэрбію і Валошчыну, дый самую крэпасьць Белград. Нягледзячы на гэтыя няўдачы, Аўстрыя ўсё-ж асталася першараднаю дзяржаваю, і, хаця сам імпэратар ня меў ніякага значэньня, але, як валадар сваіх спадчынных зямель, быў адным з наймагутнейшых монархаў у Эўропе.

2. Курфюрст Фрыдрык Вільгэльм (1640-1688). Як некалісь Аустрыя, дзякуючы Габсбургам, вырасла з невялікае провінцыі (мархіі) на першарадную дзяржаву, гэтак і Брандэнбург з мархіі пад уладаю Гогэнцолернаў вырас і зрабіўся магутнай Прусіяй. Гогэнцолерны, графскі род з Швабіі, атрымалі Брандэнбург у леннае ўладаньне ад імпэратара Жыгімонта на Констанцкім Саборы (1415). У пачатку XVІІ вéку атрымалі яны ў спадчыну княжства Клевэ разам з некаторымі провінцыямі, а ў 1618 годзе - Ўсходнюю Прусію; такім спосабам іхнія валаданьні павялічыліся ўдвая. Вэстфальскі мір (1648) ізноў даў ім значны прыбытак. Тагачасны курфюрст брандэнбурскі, Фрыдрык Вільгэльм, называны „Вялікім курфюрстам", пачуваў сябе ўжо гэткім дужым, што ня раз мяшаўся ў агульна-эўрапэйскія справы. Стварыў ён добра вымуштраванае войска, падтрымліваў ім Швэдаў у іхняй вайне з Польшчаю і вызваліў гэткім спосабам Усходнюю Прусію ад нявыгоднае леннае залежнасьці ад Польшчы (1657). У часе вайны, якую распачаў Людвік XІV з Голяндыяй, даўнейшыя саюзьнікі разыйшліся. Курфюрст пайшоў з Голяндыяй, а Швэды памагалі Францыі і ўварваліся ў Брандэнбург у той час, як Фрыдрык-Вільгэльм