Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/98

Гэта старонка была вычытаная

знаходзіўся над Рэйнам. Але курфюрсту ўдалося ў бітве пад Фэрбэлінам (1675) саўсім разьбіць Швэдаў і адабраць ад іх Памор'е. Пакінуты сваімі хаўрусьнікамі пры падпісаньні Німвэгенскага міру, ён быў прымушаны аддаць назад сваé здабыткі, але і яму і Брандэнбургу асталася ваенная слава.

Свае землі, раскіданыя па ўсёй паўночнай Нямеччыне, курфюрст злучыў у суцэльную дзяржаву; гаспадарыў ён абсолютна, скасаваўшы прадстаўніцтва станаў, і гэта было прыкладам для ягоных наступнікаў. Усьлед за Кольбэрам, клапаціўся ён аб экономічным палажэньні насяленьня; пры гэтым яму вельмі прыдаліся тыя 20 тысяч гугенотаў, што, ўцёкшы з Францыі, знайшлі сабе ў яго бясьпечны прытулак.

3. Прускае Каралеўства (1701). Дабрадушны, але лёгкадумны і раскідлівы наступнік Вялікага курфюрста, Фрыдрык І, забаўляўся перайманьнем Вэрсальскіх звычаяў на сваім двары; дзеля гэтага яму быў патрэбны каралеўскі тытул, які ён і атрымаў ад імпэратара Леопольда І ў аддзяку за помач у вайне аб гішпанскую спадчыну. Па прыкладу Людвіка XІV, ён апекаваўся навукаю і мастацтвам. Яго сын, Фрыдрык Вільгэльм І (1713-1740), быў поўнай процілежнасьцяй свайго бацькі, пагарджаў навукай, мастацтвам і ўсякім комфортам, быў грубы і надзвычайна скупы. На адно толькі ён не шкадаваў грошай і досіць вялікіх: гэта на сталую вялікую армію. Як на тыя часы і прускія адносіны, гэта і запраўды была вялікая армія, бо ў ëй лічылася 80 тысяч людзей. Пры сваім двары меў ён гвардыю з жаўнераў вялізарнага росту, якіх ён зьбіраў з усіх старонак сьвету, плацячы вялікія грошы; гэтая армія сталася зародкам будучае магутнасьці Прусаў.

4. Швэдзія ў ХVІІ веку. Густаў І Ваза, закладчык дынастыі, дабіўся спадчыннасьці кароны ў сваім родзе. Пасьля яго былі каралямі два ягоныя сыны (Эрык XІV і Ян ІІІ). Другі з іх, Ян ІІІ, выяўляў сымпатыю да каталіцтва, а ягоны сын, Жыгімонт, быў адкрытым каталіком і ў 1587 годзе быў выбраны за караля Польшчы. З прычынаў рэлігійных яго зьненавідзелі ў Швэдзіі, дык, калі пасьля бацькавае сьмерці ён пачаў гаспадараваць у бацькаўшчыне, давялося яму спаткаць шмат труднасьцяў. Яго дзядзька, Кароль, наймалодшы сын Густава Вазы, стануў на чале нездаволеных і пасьля даўгое вайны быў абвешчаны каралём, як Кароль ІX. Пасьля яго гаспадараваў (ад 1611 г.) яго слаўны сын Густаў ІІ Адольф, закладчык швэдзкае магутнасьці ў ХVІІ і XVІІІ вякох. Ідучы на трыдцацілетнюю вайну, ён абязаў дзяржаўныя станы прызнаць яго наступніцай пад той час чатырохгадовую дачку яго, Крыстыну;