Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

АПАНАС.
Плача пані, сьлёзы льюцца,
Грудзі ёй ад ўздохаў рвуцца.
Жонка верная ўсё плача,
А пад трупам груган крача.

ХОР.
Жонка верная ўсё плача,
А над трупам груган крача.

|}

Пан. Ну, годзе ўжо песьні! Гэй, зьбірайся, Раман! Хлопцы, сядайце на коні! І ты, Апанас, паедзеш з імі, — годзе ўжо твае песьні слухаць! Добрая песьня ды толькі ніколі таго, што ў ёй сьпяваецца, на сьвеце ня бывае.

Апанас. Ох, пане, пане! У нас кажуць старыя людзі: у байцы праўда і ў песьні праўда. Толькі ў байцы праўда, як жалеза: доўга па сьвеце з рук у рукі хадзіла, заіржавела… А ў песьні праўда, як золата, што ніколі яго іржа ня есьць… Вось як кажуць старыя людзі…

Пан (махнуўшы рукой). Ну, мо‘ гэтак у вашай старане, а ў нас ня гэтак… Ідзі, ідзі, Апанас! Абрыдла мне цябе слухаць… (Апанас выходзіць).

ЗЬЯВА 8-я.
ПАН, РАМАН, БАГДАН і СЛУГІ.

Багдан (уважна слухаў песьні, гледзячы спадлобу на Апанаса. Пасьля песьні ўпаў перад панам на калені). Паслухай мяне, пане! Сядай на каня, едзь да свае пані: у мяне сэрца нядобрае чуе.

Пан. Ідзі й ты ад мяне проч! Ты, мусіць, ня мужык, а баба. Ідзі ты ад мяне, а то каб як з табою ня было кепска. (Да слуг). А вы што сталі, хамава племя? Ці я ня пан вам болей? Вось я вам такое пакажу, чаго й вашыя бацькі ад маіх бацькоў ня бачылі!..

Багдан. Табе, пане, мусіць, вернага слугі ня трэба!.. (Устае і адыходзіць з слугамі).

ЗЬЯВА 9-я.
ПАН і РАМАН.

Раман (да вакна). Аксана! Прыгатуй пану пасьцель і хлопчыка пакладзі; час яму ўжо спаці. Я з панскімі даяжджачымі ў лес іду. (Выходзіць).

ЗЬЯВА 10-я.
ПАН, пасьля АКСАНА.

Пан (сеў і крыху задумаўся; пасьля кліча). Аксана!..

Аксана (уваходзіць). Будзьце ласкавы, паночку, я вам ужо прыгатавала пасьцель.