загэтым патраціш многа. Многа гэтым згубіш. Табе думаецца, што з яго розумам увесь век прыдзецца жыць, што ён хлеба дасьць табе. Не, мілая, дарэмны твае рахункі; ашукаешся ты на іх… (Добра). Паслухай лепш мяне, галубка, пажылага чалавека, напрактыкованага ў жыцьці-та, не абмылішся тады. Ты ня любіш Яна, а гонішся за Пятрусём і лічыш, што добра робіш. А я кажу, што якраз нядобра… Жыцьцё потым вырабіцца і зусім незалежна ад любашчаў. Паглядзі, вось і я тваю матку дзяцюком ня дужа любіў, а жаніўшыся ды пражыўшы гадок-другі, адкуль тая і любоў узялася… Гэтак усе з вырахаваньнем людзі робяць і выграюць…
Палута. Мала што, татка, з кім бывае; людзі няроўны, а барджэй іх душы і пачуцьцё: адзін бачыць вырахаваньне ў адным, а другі ў іншым. А да гэтага яшчэ цяперака і сьвет перамяніўся, другім стаў; розумам сталі больш жыць, а не багацьцем ды знатнасьцю, бо розум ляпей усяго. Грошы мяне таксама ня дужа спакушаюць. Мала аб іх я дбаю і…
Сымон. Бо я-ж кажу, што надта паразумнела, са сваім Пятрусём водзячыся… Ха-ха-ха! Ёй грошы нічога ня варты, мала спакушаюць. Ха-хэ-хэ. А скажы мне, шаноўная, з чым-жа ты на другі дзень пачнеш жыцьцё, калі ні ў твайго гаспадара, ні ў цябе ня будзе гэтых грошай, а! Не, сястрыца, з гэтага ўжо відаць, што ты, не паслухаўшы мяне, у добрую пяцельку ўлезеш… О-о-о! Ты з гэтымі голікамі як зазнаешся — дык галаву гатова згубіць… (Пачакаўшы). Вось што я табе скажу: хочаш дабра — паслухай згодна мяне і рабі, што я табе скажу; ня хочаш — прыкажу, а за дабром ты гнацца мусіш, не зачым інакшым… Памятай гэта… Табе бацька — ня вораг — кажа.
Палута (сярдзіта). Ня трэба мне вашага дабра.
Сымон (устаўшы). Як? што ты кажаш? А што табе трэба? Згуба? Прапасьць?
Палута. Не клапацецеся аба мне, я і сама…
Сымон. Як-то не клапацецеся? Ці ты помніш, што гаворыш?
Палута. Помню і кажу…
Сымон. Ага, дык ужо вось да чаго? Добра, дачушка-а, добра. Паглядзімо, ці ўпраўду так будзе толькі, ці адкажашся ты ад пасагу… Ну, гэтага-та я не чакаў ад цябе, нябога. Ці бачыш ты яе — не-а-а ха-чу-у. Ну, ну, ну, ну. Вось дык, ягадка… і трэба-ж, на яго ліха, так угаварыць дзяўчыну, трэба-ж убіць такі-та ў галаву… Няма на іх ушчунку, няма пагроз… Гэта-б такіх прайдох узяць ды ў вастрогах марыць, а начальства і вачыма не вядзе… Гэта ж бядовая рэч. Паехаў у горад, набраўся там басяцтва і сюды шчэ навёз спакушаць другіх. Не-э! Так не павінна быць — трэ‘ напамянуць, каму сьлед, хай пасочаць за ім… Палута, пакінь свае жарты… Расстанься з гэтым галадранцам — ляпей будзе, ляпей будзе. Я табе кажу, што будзе ляпей. А то ён цябе на добрае не узьвядзе. Мы ня раз ужо з мацераю казалі, што губіш