ЗЬЯВА 6-я.
ПАЛУТА — ДОМНА.
Домна (устае з лаўкі і робіць некалькі крокаў сьледам за мужам; разважае ўдагон). Да кінь-жа ты пад канец плявузгаць ліха ведае што. Пачакай, ня злуйся… Кінь каўтун свой… Як табе ня сорамна, стары чалавек, беснавацца? Нібы малое дзіця, калі ня горш, — запырскаўся, забрыкаўся і пабег… Сымон, га, Сымон… А каб ты спраг, гэтакі чалавек… (Спыняецца. Махае рукою й варочаецца). Да заўсяголаў ужо ты такі. Ідзі, няхай цябе цяміць, адкасьніся… (Ідзе да століка да Палуты). Вось чалавек, дык чалавек. І найдзе на яго ліхая часіна, што проста не пазнаць… Толькі, здаецца, быў у сабе, а гэта вунь што… Што ты яму, Палутка, такое сказала, га?
Палута (вяртае к сталу й прысядае). Дальбог-жа, мамачка, нічога такога не казала. Я сядзела адна, чакала Волькі, а ён увайшоў і давай. Перш падобраму, а далей і да сваркі. Усё праз Пятруся. Праз вясельле ўшаломаў, як баба якая. Сядзіць, мармоча і грызе сэрца…
Домна. Як праз Пятруся?
Палута. Вось, каб я яго не кахала, каб не страчалася з ім, бо ён такі й такі, паганіць наш род… і ўсякчыну іншую… Чаму і як ёнпрышоў на вум — я й сама ня ведаю…
Домна. Ды яно-та, дачушка, і ўпраўду ня варта было-б з гэтым Пятрусём табе валандацца. Што ты гэткага ўгледзіла ў ім?… Нічога завіднага ў ім няма: бедны, непачэсны ды яшчэ распусны такі: ні бога ў яго няма, ні цара, ні начальства, на багатых людзей ліха ведае што пляце, ні ў вошта не становіць… А ты-ж, мілая, усё-ж такі з роду знатнага, паважанага… Падумай адно, Палутка, аб тым, што дагэтуль ніхто яшчэ з нашага роду ніколі не спаганіў сябе нічым… А гэта… (Пачакаўшы). Бацька і злуецца за тое, што ня можа далей трымацца старога парадку і крычыць. Ці-ж ты думаеш ён ліха нам хоча? Яму здаецца, што так лепш, як яго розум кіруе.
Палута. Можа быць, можа і так, хто яго ведае. Але-ж што мне зрабіць, калі я йначай не магу… Сэрца ня пытае, каго яно выбірае. Бацьку Ян даўся ў вочы, а мне… Ну, а я ляпей-бы ўжо Пятруся магла-б пакахаць…
Домна. Сэрца, сэрца. Мала што маладому сэрцу захочацца, ці-ж слухаць яго? Трэба і розуму крыху мець і практыкі жыцьцёвай таксама… А гэтага толькі ў пажылых можна навучыцца, галубка… Калі мы табе радзім, што рабіць — слухай, не ашукаешся: мы пражываем сваё жыцьцё і чаму небудзь ды навучыліся. Што табе цёмна — нам ясна да каліва… (Пачакаўшы). Бацька хоча выдаць цябе за Яна — слухай, ідзі. Хлопец ня кепскі ды багаты; век будзеш бога маліць за яго… (Устае і йдзе к платом).