Тэкля (трэцца ля мацеры). Калі-бо я люблю вас, мама; шкадую вас, дык і хочацца з вамі быць.
Палута. Ну, была ў Волькі?
Тэкля (весела). Была, Палутка; у хату нават заходзіла і пытала ў бабусі. „Няма, — кажа, — пашла кудысь з таварышкамі“. Я падарозе ад Волькі забягала і да Клёцкіных, думала Прузыну ўбачыць, ажно яе таксама няма.
Домна. А чаго цябе насіла туды, блізкі сьвет? Чаго ты вандзігаеш па сялу, на цябе цураха, на цябе!
Палута. Ша, ша, мама! Гэта я яе пасылала.
Домна. За чым, навошта?
Палута. Ды вось мне патрэбна Волька; абяцаліся мы з ёю пайсьці сёньня ў адно месца. Згаварыліся, што сойдземся ў нас тут у садку: я, Пятрусь, Волька, Прузына і Антось. Я з абеду ўсё іх і чакаю. Потым, каб праканацца, дзе яны, я паслала да Волькі Тэклечку. (Падыходзіць к платом і ўзіраецца).
Домна. Ну, хіба так. А я думала, што яна сама выдумала бегаць туды, я-б тады ёй. (Ківае пальцам на Тэклю).
Тэкля (бяжыць к Палуце). Не, мамачка, я сама туды ніколі адна не пайду. Я ад Палуты не хацела ісьці, ды яна стала крычаць, і я мусіла пайсьці. (Да Палуты). Праўда?
Домна. Маладзец, Тэклечка, маладзец, дзяўчынка. (Да Палуты). А ласьне ты, Палута, ня бачыла, як Антось з Прузынаю йшлі? Яны якраз паміж садку прайшлі, я стаяла ў вакне і бачыла. Я думала, што і ты іх прыкмячала…
Палута. Даўно гэта?.. (Адварочваецца ад платоў).
Домна. А яшчэ быў бацька ў хаце. (Углядаецца ў агрэст).
Палута. Не. Я-ж, здаецца, і сачыла за вуліцаю ды прыкмячала… (Пачакаўшы). І не зайшлі, заразы…
Домна. Пашлі, пашлі. (Тэкля падбегла к мацеры).
Палута (да Тэклі). Паглядзі там, Тэклечка, можа хто… (Тэкля ізноў бяжыць к платом).
Домна. Ты думаеш, што яны прыдуць к табе?
Палута. Спадзяюся. Павінны.
Тэкля (ад платоў). Палута, Палута, вось ідуць цэлаю чарадою. Вунь Волька, Пятрусь…
Домна. Як, ласьне і Ян? (Азіраецца вакол).
Тэкля. Здаецца, што Ян. (Пачакаўшы). Эй, не! Антось, то, Антось, Антось.
Палута. Выбяжы, Тэклечка, пазаві іх сюды; скажы, што я іх прашу. (Да мацеры). Ну і дам-жа я ім фэфару. Накладу ім добра. Другі раз ня будуць абманваць. (Адламвае розгу з агрэсту).
Тэкля (бяжыць к варотцам саду. Набягу). Я іх пазаву. Усіх? І Пятруся?