за якім ты сьвету ня чуеш, у кім усю душу поіш шчасьцем; толькі не даступны ён табе праз самых блізкіх людзей; гэтыя людзі і не дадуць магчымасьці злучыць з ім табе сваё жыцьцё. А вось твой каханы суліць табе дарогу, якое ты баішся і не адважваешся пакінуць бацькоў; а бацькі гэтым і выкарыстаюць.
Палута. Ну, досыць, будзе…
Домна. Балхвіць, ліха ведае што. „Нялюбы, выкарыстаюць“… Гэта ўжо дык няпраўда, галубка, ня варта-б было, на добры лад, і сыру даваць…
Палута. Чаму няпраўда — праўду якраз сказала. Дарэмна вы, мама, кажаце. Дай, Прузынка, хай паварожа і табе, паглядзіш — усё ўгадае.
Цыганка. Давай, Прузына, закіну на карты, адгадаю.
Прузына. Не, ужо ня варта; цямнее, трэба дамоў ісьці, а то там маці ўжо прачакалася… Ды я надоячы варажыла — зусім няпраўду мне вываражыла. Больш зараклася варажыць.
Цыганка. Я то праўду скажу. Давай руку. Давай. Ну, болей ніхто ня хоча, га? Дык ідзі, гаспадынька, дай мне абяцанае.
Домна. Не азірайся, іду, іду, я ня скручу: абяцала дык дам, хоць і няварта было-б; мала варажыла і вываражыла ўжо вельмі няважна.
Палута (нездавольна ўдагон мацеры). Абяцалі даць — дык дайце. Яна мне праўду сказала. (Адварочваецца да дзяўчат). Хоць часу зьвяла, а ўпапад сказала. Няўжо такі так знае?
Антось і Пятрусь. А пэўна, што знае (сьмяюцца).
Прузына. Трэ‘ і мне йсьці… Ты, Волька, яшчэ ня пойдзеш?
Волька. Чакай, іду і я.
Антось. І я з вамі разам.
Палута. Пагуляйце яшчэ. Ну, дык ты хаця застанься, Пятрусь, я табе штосьці скажу.
Волька. Вы заставайцеся, вам блізка абаім, а мы пойдзем. Хадзем, мае родненькія; пакуль яшчэ зайдзем… Заўтра будзённы дзень, трэба ўставаць ды йсьці лён палоць. (Выходзіць).
Прузына (усьлед, нахаду). Гэтак-жа і мне ў Вілы. Мо‘ і ты, Волька, туды?
Антось. Я туды заўтра каня павяду пасьвіць. У мяне дык як раз на заўтра не выпадае работы. Я-б гуляў-бы, толькі, прызнацца, у жываце казлыча. (Да Прузыны). Заўтра ўгледзімся можа?
Прузына. Можа, чаму не. (Гутарка цішэе й аддаляецца).
Волька. А са мною хіба вечарам заўтра, калі будзе пагода (рагоча). А цяперака пайду спаць, а ну-ж „сулены мой сасьніцца.“ (Выходзіць з двара).
Антось (на вуліцы). Дай, божа! Знача, пажадаю табе салодкіх мар.