Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

(азіраецца) адна дачка можа трохі… кахае… (Глядзіць Палуце ў твар). Га? Праўда, ці не, Палутка?

Палута (вешаецца на Пятруся). Го, праўда, праўда… мой Пятруусь-ка-а, мой мілы. (Цалуе). Го-орка-а-я праўда… (З заду двара вынікае зычны гоман Домны: „Ня-а-слу-а-хае. Прыліпла-а, немач на яе… Неналюбавалася за паўдня“.

Пятрусь (цалуе Палуту і йдзе к выйсьцю. На хаду). Чуеш, чуеш? Ідзі, а то пападзе… Грыміць ужо… (Махае капялюхом і выходзіць з саду. Палута ківае рукою ўсьлед. Чуцен багаславенны звон. Дзесь заліваецца жалейка пастуха. Змрок глыбее).


ДЗЕЯ II.

Хата Сьліваў. У хаце прыбрана чыста. Вакол глядзіць багацьце і здавольства. Сьцены атынкованы і выбелены. На сьценах разьвешаны абразы — адбіткі абшараў летам і зімою, і вайны з часу швэдзкага спаленьня. На покуці блішчасты сьвяты абраз, перад якім чырвоны ліхтарчык. Ля тыльнае сьцяны два ложкі, з трыма на кождым падушкамі. На падушках узьдзеты блакітныя ў доўгіх брыжох навалачкі. Адвячорак. Дваровае вакно адчынена. Матруна, Янава маці, увіхаецца то ў запечку, то ў мыцельніку. Гэля стаіць ля ложка і здалёк кідае зіркам у люстэрка, якое вісіць на дваровай сьцяне між вакон. Ян сядзіць ля адчыненага вакна, абагнуўшыся на стол. Зрэдка пазірае ў вакно. У вакно глядзіцца ралка дзярэўца. Відаць абросшы зеленьню ўзгор.

ЗЬЯВА 1-ая.
ЯН — МАТРУНА — ГЭЛЯ.

Ян. Аднаму, ведаеце, усё-ткі цяжка справіцца. Куды-ы там! Дзякуй богу, тры валокі поля — чуць не хвальварак. Ды быў-бы і хвальварак, каб гэта ўся зямля ў зборы, разам. Ого, латва было-б! Ды каб яшчэ зямля ўся гэткая, як на Паселішчах — роўная, чорная, тлустая. Зажыў-бы чалавек. Яшчэ як зажыў-бы! Паставілі-б будынак вялікі (размахвае рукамі), прасторны; рассадзілі-б туды, к лагчыне, гарод капусны, а к горцы — сад; ля рэчкі быў-бы паплаў, а апошняе — поле. Ажыцца можна было-б… Бацька тады, мабыць, ня думаючы купляў, ня ведаў, у каго і як. Ці мо‘ нельга было? Дзіўная рэч, я ўсё-ткі не разумею: чаму-б не перадзяліць і не парабіць маёнтачкаў? Ня ведаюць выгады людзі. Не, нам то ўжо трэба старацца, каб як усю зямлю сабраць у адно месца. Ня праўда, мама? Ды наняць пару парабкаў? Абстроіцца, як сьлед…

Матруна. Чаму ня праўда. Усё праўда, сынку, толькі немагчыма гэтага зрабіць. Зусім немагчыма: ніхто ня згодзіцца; ды другое — людзі прывыклі ўжо да цяперашніх парадкаў. А кожны з малою вы-