Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

да будзе, збыўшы. Добрага плоду, малочная… Няхай застаецца, сынку, не памяшае. Калі ўжо так падыдзе, то можна будзе і зімою прадаць — яшчэ болей грошы возьмем. А малака хопіць.

Ян. Ды яно — няхай. Толькі, бач, я думаў грошы дастаць за яе, ды гарнітур выняць ад краўца. А тут і чаравікі трэба… Матруна. Эх, цудны. Ня ўсё роўна грошы. Бяры з тых і ўсё, чаго там шкадаваць! Дзякуй богу, не пазычаць ісьці.

Гэля. А мне сукна набярэце к Пятру? Вы абяцалі-ж.

Матруна. Чаму-ж не? Набяром, дачушка, набяром. Дзякуй богу, вы абое ў такой пары, што кожны раз трэ‘ і прыгоды ў хату чакаць. (Цішэй да Гэлі). Гэта-ж, ці праўда, ці не, мне Слоіха абяцала сваты прыслаць да цябе. Чуеш, Гэлечка? Ці часамі з табою Вінцэнт нічога аб гэтым ня гутарыў?

Гэля (чырванее; бяжыць к адчыненаму вакну). Ну, кіньце, мама, казаць гэта. Вось ажэнім перш Яна, тады ўжо я стану на чаргу, а цяперака казаць заўчэсьня.

Матруна (сьмяецца). Чаму, цудная? Ці-ж мы ня зможам справіцца ў адно лета? Бог дасьць ажэнім Яна, а потым і цябе выдамо замуж. Вось калі.

Гэля (пасьмялеўшы). А мы шчэ з Вінцэнтам аб сім і не заікаліся, прызнацца вам. (Адварочваецца ад вакна). Вы думаеце, калі гуляем з ім, дык ужо і да вясельля дойдзе. Яшчэ як здарыцца з хлопцамі аб пэўнасьці трэ‘ з асьцярогаю гукаць. Гэта вецер.

Матруна (з цікам). Ці-ж і ад Вінцэнта можна чакаць усяго? А, здаецца, хлопец ён акуратны, вытрывалы.

Ян (садзіцца ля стала). Мала што яна кажа. Ня слухайце яе. (Пачакаўшы). Вінцэнт — то чалавек. Залаты! Пашукаць такіх… А гэты Ліс — дык — запраўды варт таго, каб яго ўсім сялом выбавіць адгэтуль. Такая паскуда — што ані рады. Зьбірае ля сябе хэўру ня толькі з нашае вёскі, а і з Качаноў. Мае таварышоў у Граяве і толькі знае, што нацкоўвае на гаспадароў, на начальства. Ня раз грозіўся і мне, што дасьць нейкае адамшчэньне… А так — дык і сустрэцца нельга: кпіны строіць, сьмяецца… Мы ўжо з Вінцэнтам казалі, што трэба з ім разьлічыцца — трэба праз Вінцэнтавага дзядзьку давясьці да станавога — хай сцапаюць на колькі часу — сьмеласьць падаб‘юць крыху.

Матруна. А такі і зрабеце: дайце самі знаць станавому. А то далей гэтак папускаць нельга: занадта разбазыраў ужо — ушчунку просіць. Будзем маўчаць — дык настроіць усю голь і гатовы яшчэ папаліць людзей… Падпаляць, пакрадуць — ты шукай тады права… Думаеце, дзеткі, Гаўрыла згарэў праз каго — усё з іх ласкі. Ого, гэта жулікі добрыя, прабеглыя…

Гэля. Дык, мамачка, Грышка Гаўрылаў, стрэўшы Ліса, у вочы казаў яму: „Ты кажа, мне адкажаш за падпал“. А той толькі ўсьміх-