Вінцэнт (размахвае рукамі). Не бяруся судзіць.
Гэля (просячна). Не, мамачка, я на трошкі выйду: вось толькі Вінцэнта правяду крыху. (Шукае хустку і, знайшоўшы, адзяе на голаў).
Якаў (да Матруны). Пусьці, няхай пойдзе. Яна не забавіцца. Ня трымацца-ж ёй за тваю спадніцу.
Матруна (махае рукою). Ну, та выйдзі на часінку. Толькі ня баўся, дачушка, вярніся хутка.
Гэля (ідзе к дзьвярам). Не, не. І не агледзіцеся, як вярнуся. (Да Вінцэнта). Ідзем, Вінцэнт.
Вінцэнт (устае і надзяе шапку). Вось іду. (Да Матруны і Якава). Дабранач, вам, заходзьце да нас калі-кольвечы.
Матруна (праводзіць іх да парогу і сама адчыняе дзьверы). Дабранач, сынку. Зайду на волі. Ты толькі нас не забывай. (Зачыняе дзьверы і надыходзіць да Якава). А ты-ж гэта адкуль? Нябось быў дзе-кольвечы?
Якаў. Быў. У млыне быў дасюль, калі хочаш ведаць. Завёз пудоў з дваццатак жыта змалоць, ды вось праз цэлыя два тыдні яно там і ляжыць нярушаным. Ветру няма — ня меле. Думаў, што мо‘ ўчора з ранку прапусьціў крыху, ажно толькі, калі хочаш ведаць, і не засыпаў.
Матруна (зьдзіўлена). Што, завозу многа?
Якаў. Ёсьцека троха… Вось і цяперака, калі хочаш ведаць, падвязьлі нават некалькі вазоў… Чаму? І вы, мо‘ думаеце, што малоць?
Матруна (прылягае на стол). Зьбіраемся. Насушылі пудоў па дзесяць усяго: хацелася-б і пшаніцы крыху спытляваць; гэта-ж можа калі і прыгода трапіцца — няхай будзе белая мука.
Якаў. А такі… Зьмеле і спытлюе, чаму не. Падвернецца вецер, калі хочаш ведаць, дык у вадну пору процьму намеле. Ну, а як-жа з прыгодаю? Ня думаеш, каб паслаць да Рыхлаў сватоў на Пётра?
Матруна. Чаму ня думаю. Мне-б дужа хацелася-б, ды і Ян ні ад таго. Вось, як ты на гэта Якаўка паглядзіш? Мо‘ часамі ты прабаваў загаварваць з Сымонам, не пасупрацівіцца? А трэ‘ было-б за чаркаю гэта зрабіць. Хто іх ведае, а мо‘ яшчэ й не рашацца яны. Ды Лісюк тут зашмат псуе. Кажа, да таго настроіў Палуту, што тая і слухаць ня хоча аб Яне…
Якаў. Ды кінь ты казаць аб сім. Няўжо, ты думаеш, Сымон паглядзіць на гэта. За вушы працягне, калі ўпінацца будзе, калі хочаш ведаць. Будзе ён дбаць аб ёй. Хай водзіцца пакуль-што, а прыдзе час, дык такі наганяй дасьць, што тая і дзесятаму закажа страчацца з ім. На гоні абыходзіць будзе, калі хочаш ведаць. (Пачакаўшы). Я надоячы спатыкаўся з Сымонам; нават да Хрумы заходзілі пасьнедаць. Казалі і аб вясельлі, калі хочаш ведаць…
Матруна. Ну, і як Сымон глядзіць?
Якаў (зважна). Як Сымон глядзіць: як-жа яму йначай, як не са спагадай глядзець. Хоць сягоньня рабі лад, калі хочаш ведаць…