Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

Ян (падыходзіць к сталу). Дзіва, што я ўвесь час у гэтым канцы вярцеўся і не прыкмячаў, каб вы йшлі. Ноч відная — можна было-б прыкмеціць. Я ля Дзямянавай хаты сядзеў… там нас некалькі было.

Якаў. Я тудэма ня йшоў… Вось, калі табе цікава, калі хочаш ведаць, то скажу: я ў млыне быў. Іду і бачу, што ў хаце сьвятло, дай, думаю, зайду. А да гэтага якраз і інтарэс меў, калі хочаш знаць.

Ян. А які?

Якаў. Інтарэс то важны і якраз цябе ён датыркае.

Ян (з цікам). Ну?

Якаў (падыходзіць к сталу і прысядае). Сапраўды. Наконт твайго вясельля, калі хочаш ведаць. (Змоўчвае і пытальна глядзіць у вочы Яну. Ян ухмыляецца). Ажаніць, калі хочаш ведаць, насталі цябе; ужо ня выкруцішся з нашых рук. Вось, калі хочаш ведаць, на Пятра йдзём у сваты да Палуты. Не чакаў мо‘ нябож? (Ян угінае голаў). Не чакаў, дык во табе гасьцінец, калі хочаш ведаць (Памаўчаўшы. Пыхкае люльку). Ізноў патухла, на яе ліха. (Вымае з кішэні крэсіва). Затое Палута, калі хочаш ведаць, твая пэўная. Ад Сымона даручыўся… (Красае) Ніхто не перашкодзіць: Лісюка, калі хочаш ведаць, спасём і ціха і гладка, што ніхто і знаць ня будзе. А Палута тады сама крыльле апусьціць. Ну, што, ці згоджваешся?

Ян. Трэба падумаць.

Матруна (вельмі раптоўна). Яначка, Яначка, што ты ўжо кажаш ізноў. Ці-ж даўно згадзіўся.

Якаў. А чаго думаць? У гэткіх справах, калі хочаш ведаць, ня думаюць сяк так, а здаўна гатуюцца. Няўжо ты ня думаў шчэ аб сім? (Ян сьмяецца, Рыгор матае рукою). Гэ, нябожа, ад мяне не захаваеш нічога. Я ведаю, што ты ўжо здаўна не растаешся з думкаю аб жаніханьні. А калі так, дык нечага далей капырсьціцца: ўзяў і пайшоў напралом, упарта, калі хочаш ведаць, і ўсё тады выграеш. (Пытальна). Як, Ян?

Ян (ківае галавою). Вядома, што чакаць далей ня выгрышна, толькі… Лісюк гэты стаіць якраз сярод дарогі — во што бракуе. (Чухае патыліцу).

Якаў (прыпадымаецца). Плюнь, кажу, калі хочаш ведаць. Як напралом — то нічога ня бойся, нічога не лякайся. Пойдзеш нацянькі — выграеш дзянькі… (Спусьціўшы крыху). Ну, а ты з Палутаю ня гукаў аб сім?

Ян. Вось то і ёсьцека, што ні разу апошнім часам не здаралася: ўсё з Пятрусём цягаецца. Як назнарок…

Якаў (тупае па хаце). Ды і гэта не бяда, калі хочаш ведаць. Тут важна не Палута, а Сымон. Сы-ымон важна. А ён — хоцькі сягоньня гатоў вясельле граць, — калі хочаш ведаць.

Ян (спахваціўшыся). І можа? Скуль вы ведаеце? (Прыўстаў).

Якаў. Калі кажу, дык ведаю. А ведаючы, і прышоў знарок павядоміць і настроіць.