галовы ў правы бок). Няўжо-ж хто, ён! Зьбірае на пацеху людзей, строіць прадстаўленьні. (Заводзіць). А ты, Саламея, маўчы, цярпі ўсё. Не, і гэткае жыцьцё ўжо на ворагаў казана. Дзеці голыя, абадраныя, дома недахваткі… Работа заўсягды недакончана, занядбана. Эх, бедная Саламея, дасталося і ёй. (Песьня цягнецца). Вось пяе, а яе, нябось, сэрца нібы іголкамі коле. Гэта-ж падумаць…
Ганна. Вось калі, вось калі. Не давядзі госпад. Я-б ні зашто ня вытрывала-б, каб гэта з маім так. Утапілася-б, а збавілася б ад яго… (Узіраецца). Вось-вось, цягне за рукаў у двор. (Песьня-крык разам змаўкае. Але гамонка на момант гучнее). А ўсё з недахваткаў, бачыш. Каб забыць гора, дык і запівае. (Варочаецца, сядае на призьбу).
Аўгеня (ідзе за Ганнаю і таксама сядае, на вуліцы шарэе). І з-за гора, а другі раз і з-за распусты таксама. Ці-ж гору, думаеш манаполька паможа? Урадзіўся ўжо такім. (Пачакаўшы). А вось мой Пятрусь дзесьці забавіўся, з самага абеду як пашоў, дык усё і няма.
Ганна. З дзяўчатамі мо‘ гуляе. У Граева моʻ пашоў, ці куды.
Аўгеня. Галодны-ж з абеду… Пара-б было і на вячэру прыйсьці.
Ганна. Прыдзе. Вымерхаецца, дык стрэлам прынясецца. (Дзесь за вёскаю раздаецца гуртоўнае пяяньне. Ганна з Аўгеняю прыслухоўваюцца. На здавольных тварынах у іх замірае ўхмылка).
Аўгеня. Здаецца, што і Пятрусёў голас чуцён. О-о-о! Так, гэта, бадай, яны ідуць з Граева. Я адмечу яго голас з тысячы другіх… Яны, яны. А, чуй, Ганна, як пекна пяюць. Гэта-ж усё Пятрусь панавучваў гарадзкіх песень. О, о! Прыгожа. Ты ўстань адно — лепі чутно. (Ганна ўстае і йдзе да яе). На крыжы паварочваюць. Скора тут будуць. (Песьня чутнее).
Ганна. Ну, ён жа ў цябе сьпявака! Галасісты такі, што адно паслухаць. Міла і толькі. (Падходзяць к канцу двара. Узіраюцца). Вось відаць. Вядома, Пятрусь першы ідзе. Бач, як рукамі размахвае. (Паказвае пальцам. Узіраюцца. Аўгеня сьмяецца). І Палута… не, то Волька, Прузына вунь, Настася… а Палуты ня відаць.
Аўгеня (адварочваецца назад). Вось ужо на вуліцы. (Песьня паціху замаўкае). О, кончылі. Добра сьпяялі, малайцы. Ня праўда мо‘?
Ганна. Надта добра… Дык я скажу табе, што калі Пятрусь прыехаў, дык ажывіў Плава… Які шчэ малайчына… (Нібы апамінаецца). А ўжо пара йсьці, засядзеліся, нябось. (Робіць некалькі крокаў к весьніцам. У гэты час з-за вугла паказваецца Пятрусь).
ЗЬЯВА 2-я.
АЎГЕНЯ — ГАННА — ПЯТРУСЬ.
Пятрусь (вясёла, рэзва). Былі ў Граеве… Цэлаю кампаняю. А адтуль ішлі ды ўвесь час песьні пяялі.