Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

Аўгеня. Вельмі пекна пяялі, сынку. А твой голос дык выразьней усіх.

Пятрусь. Ажно яшчэ хочацца, калі пахвалілі. Ну, дзякуй за пахвалу, а потым шчэ і есьці трэба.

Ганна. А вядома — гэта галоўнае. Вось калі, вось калі. Дарогу зрабілі, вымерхаліся. Мы тут седзячы есьці захацелі, а то дзіва што. (Да Аўгені). Ідзі, кармі яго, ідзі… Дабранач. І я пайду. Можа і мой ужо прышоў ды чакае. Сварыцца будзе. (Хаваецца за вуглом хаты).

Аўгеня (ўдагонкі). Дабранач, Ганначка, дабранач. Ідзі-ж, Пятруська, у хату. Я толькі захаплю дроў. (Пятрусь устае і йдзе ў хату. Аўгеня на колькі часу хаваецца за будынкам. Потым выходзіць, нясучы дровы).

ЗЬЯВА 3-я.
АЎГЕНЯ (адна).

Аўгеня (нясе дровы ў хату). Бярэ, на яго ліха, хтосьці дровы і ня знайся. Прыкмеціла, надлажыла; бярэ і ўсё… Ай, ай! Што гэтта зрабіць і сама ня ведаю. Сколькі дроў перакралі. Дзе іх хаваць і што — ня прыдумаць. (Уваходзіць у сенцы; толькі ўшчыніла іх, як з-за частаколу пазіркам, аглядаючыся, з трывожным настроем паказваецца Палута. Ля весьніц яна крыху спыняецца, азіраецца назад на вуліцу, а потым пералазіць цераз весьніцы ў двор. У дварэ яшчэ раз азіраецца на вуліцу. Затым надбягае к вакну).

ЗЬЯВА 4-я.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ.

Палута (пастуквае знадворку ў шыбу). Пятрусь, а, Пятрусь! Цётка Аўгеня! Цётка, ці Пятрусь дома? Пятрусь, га, Пятрусь, выйдзі сюды. Скора выйдзі. Хутчэй ідзі. (Чакае, прысланіўшыся к сьцяне. Некалькі часу стаіць сьціша. Чуцён дзесьці брэх сабак. Потым ушчыняюцца дзьверы, і выходзіць бяз шапкі Пятрусь).

Пятрусь (узіраецца на двор). Хто там?

Палута. Пятрусь, Пятруська, ты хутчэй уцякай куды-кольвечы на некалькі дзён, а то цябе зловяць. Прашу цябе, родненькі… Ня сёньня-заўтра можа вураднік са стражнікамі прыйсьці. Данясьлі, падказалі на цябе… Забяруць…

Пятрусь. Хто, калі?

ЗЬЯВА 5-я.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ — АЎГЕНЯ.

Палута. Калі кажу табе, то праўда. Кішка Вінцэнт, Ян, нават і мой бацька замешан. Мне Ян прызнаўся… Уцякай, схавайся дзе.