Вясельны I-шы (зазірае вурадніку ў вочы). О, Сьцяпане Нухрэіч, хлопец-то задужа кемкі. Такі пракідкі, пранозаваты, зухаваты — што толькі трымайся. Ідзе вуліцаю — зямля трапеча, усіх так і есьць вачмі… І як-то вам ня прыпала раней яго ўхапіць?… Гэта-ж усім было вядома, што ён соцыялісты, шкодны на-а-чальству хлопец. Цяпер — ці зловіце!
Вясельны II-гі (з-за плеч першага). А праўда, праўда.
Вураднік (разводзіць рукамі). Прапусьціў крыху. Ашукаўся. Мне і раней казалі і Якаў, і Вінцэнт, і дзядзька Вінцэнтаў — але ўсё ніяк не выпадала. (Палута прыслухоўваецца). Ну, але сцапаю. Найду і ў горадзе, не ўцячэ, гадзіна!
Вясельны I-шы. Чуе ён, не паедзе. Хітры-ы хло-о-пе-эц! Абабіўся у горадзе… (Бярэ чарку, выпівае і, наліўшы, падае вурадніку). Ну, але-ж яму ўсё ткі прыдзецца і да дому наведываць. Так-жа на адну мацеру ён ня здасца… А вы, гаспадзін вураднік, пілнуйце. То калі-кольвечы вечарам і сустрэнеце. Адно почасту трэба наглядаць; прыказаць хоцькі таму самаму Міхасю… (Хапаецца за голаў). Ага, а каб гэта прыціснуць папробаваць Антося ці Ігната — дружакаў яго? Бадай што было-б лепей. Як скажаце, Сьцяпане Нухрэіч, га?
Вясельны II-гі (ківае модна галавою). А так, так. Гэта праўда.
Вураднік (хапаецца за думку). А-о, а-о паспрабую. І на іх даказы былі… Што-ж — адна хэўра… Так, так, так. Не шкадаваць мне іх! Добрая думка. (Выпівае чарку). А я й забыў, не ў шманкі якраз мне. Во-во-во. (Да стала ізноў прыходзіць Сымон. Домна-ж адыходзіць. Гутарыўшы дагэтуль з другімі, з Матрунаю ды сваёю жонкаю, Якаў мяркуецца загутарыць з Сымонам).
Ян (прыгінаецца і глядзіць у вочы Палуце). Ня смуткуй, ня журбуй, Палутка, што ты ўвесь час маркоцішся, га? Кінь думаць… Хто-ж вінават!
Волька. Палутка, пакінь, родная, пакінь, сястрыца… Яны гэта, але-ж… Кінь, Палутка, божае павяленьне такое, нічога не парадзіш, мілая…
Палута. Калі-бо, Волечка, нязьмерная крыўда-а. Гэтаж падумаць толькі, які гвалт учыніы-лі-ы. Падстроілі над ім, а потым за мяне, за разьбітую хапіліся. Ці-ж можна быць спакойнаю… Волечка… (Абвісае на шыю Вольцы).
Волька (абдымае яе). Дык што-ж парадзіш, як зрабіць іначай, а?
Палута. Нядобра мне…
Ян (не прыслухоўваючыся да гамонкі Палуты з Волькаю). Кінь, Палута, маркоціцца. Ажно сорамна ад усіх. Паглядзі, усе дзівяцца… І чаго табе гэтак нудна зрабілася?.. Перастань, а то злаваць буду… Навошта з першага дня ўсё гэта? (Усе вясельныя глядзяць у бок Палуты. Вураднік вядзе гутарку з першымі сагутарнікамі. Музыкі трумкаюць).
Палута (адхіляецца ад Волькі). Пакінь, Ян, досыць, я нічога…