Ян (бярэ яе за руку). Прашу цябе, Палутка! (Да Сымона надходзіць Домна. Аб чымсь шэпчуцца).
Сымон (да Матруны). Дык выпіла, сваха, га?
Матруна (разводзіць рукамі). А вы-ы-пі-ы-л-а! Дзякую, сватку. (Паказвае чарку. Маршалак, увесь час хадзіўшы ля сталоў, падыходзіць да Сымона, штосьці сьціха з ім гаворыць, потым зварочваецца да музык).
Маршалак. Дык што-ж, музыкі, заручыны зайграйце, хіба. (Музыкі жывей настройваюцца). А вы, кабеткі, свахны родныя, па каравай гайда! Каравай дзяліцьмем… (Музыкі іграюць. Некалькі кабет вылазяць з-за стала і йдуць за караваем у клець).
Якаў (устае за сталом). Дзякаваць богу, што ўсё так злажылася. Дзякаваць богу, Сымоне-а-а. (Музыкі сьціхаюць граць). Я думаю, што не ашукаліся ні вы, ні мы… Пары ляпей і падшукаць нікому не удалося-б. Паглядзі толькі на іх — адмысловыя, адно другога вартыя… Сваха, Домна, ці-ж ня праўду-у я кажу, мо‘? Скажы ад шчырага сэрца, ня тайся.
Домна. Дай, пацалуймася, Якаўка! Што, не?… (Перацягаюцца праз стол і цалуюцца). Ласьне-б мы на ашуку йшлі-б? Гэй, цудны ты, што ты кажаш! Гэта-ж грэх і казаць нават… Бог зьвёў, і не сягоньня, а ўжо здаўна-а…
Матруна (пнецца да Домны і цалуюцца. Цалуецца Сымон з Якавам). І я казала так. Толькі бог мог зьвясьці-ы іх… Болей ніхто. Некаторыя казалі мне, што Рыхлыя маюць у воку Лісюка: „Глядзі, кажа, Матруна, за Палутаю і Лісюк бегае. Ой, каб толькі ён не перахапіў яе!“ А я, паверыш, Домначка, плявала на гэта. І слухаць не хацела, і казаць не давала. Маё сэрца чула, што дарагі Яна з Зосяю здаўна, з роду іх сышліся. Куды-ж там слухаць плявузганьне чыё! Вось калі… (Вылазіць з-за стала).
Домна. Але-ж, але-ж. У людзей языкі на локаць. Плятуць, ліха ведама што. Мелюць-мелюць і канца няма. Нам так сама гэтым Лісюком, на яго ўсё прапашчае, вочы выдзіралі. „Паглядзі, і да гасподы вашае ходзіць, і ў садку можна бачыць яго — ці-ж здарма?“ Так мне баялі нясьціханна. І яно збоку ды праўда, усюды яго нясло. Я Палуце выгаварвала, але не прыдавала вагі зусім. Калі зрэдку і прыйдзе, то што там, — ня гнаць-жа яго. Ды пры Сымоне ён наʻт і паказацца баяўся-а-а…
Якаў (грозіцца на Марту й Матруну). Што вы плутаеце? Аб Лісюку? Кіньце — сорамна! Не паганьце нашага вясельля ім. Эх, цудныя! (Паварочваецца к Сымону). Сымон, забарані сваёй бабе ліха ведае аб чым шалаплуціць… Эх сёньня празьнік, сьвята, піць і гуляць трэба. На Лісюка ёсьць апека — вось. Музыкі — „Юрку“, „Лявоніху“, што хочаце! Сват, ты мусіш са мною паскакаць. Жыў ня буду, калі ня пойдзеш. (Музыкі граюць. Якаў з Сымонам танцуюць „Юрку“, Якаў прыпявае. Вясельныя плешчуць у далоні і падпяваюць. Гледачы паднімаюць гоман і сьмех).