Палута. Дзякую вам, мамачка, дзякую вам, татачка. (Плача. Цалуе рукі. Усе з песьнямі ідуць у двор. Паблагаславіўшы дачку, ідуць і бацькі, Ян і Якаў з жонкаю ды Матрунаю таксама. Палута з Волькаю прыпыняюцца).
Волька (цалуе таварышку). Ня плач, сястрыца, ня горніся, даражэнькая мая. Што-ж парадзіш, Палутка, што-ж парадзіш, родная. Так ужо мусіць трэба, каб было, гэтак прыназначана… Ой, ой, мілая! Яно заўсягды з усімі так бывае. Думаеш, я буду шчасьліўшая? І мяне ўвапхнуць за ліха ведама каго, хто толькі ім пад руку падвярнецца… Эй, цудная ты!
Палута. Усё-ж ткі табе йначай, Волечка-а. Іначай, сястрыца. Не кажы. Яшчэ пакуль што на твае любашчы ніхто не пасягаў і бацькі твае табе не пярэчаць… А са мною… падумаць толькі! Волечка, Волечка, як у мяне цяжка на сэрцы. Пяюць, весяляцца, а мне гэтак нудна-нудна, што нічога ня цікавіць. Сэрца так і адчувае штосьці ліхое ўперадзе… (Пачакаўшы). Скажы, бок, галубка, няўжо я буду магчы наладзіць жыцьцё? Няўжо прыдзецца мне забыць усё? Мне здаецца, што я ніколі не ўспаду на спакой, ніколі ня зьміруся з начэпленым сілаю становішчам. Не, не! Ці-ж гэта людзі? Ці-ж можна будзе з імі ладзіць? Яны ўпікамі аднымі мяне зарэжуць, папрокамі сэрца разьядуць… Чую, чую я ўжо.
Волька (абнімае яе). Ды кінь ты, Палутка, знарок неспакоіць сябе. Кінь ты думаць чорныя думкі… Што-ж, забудзь і аб Пятрусю сваім… (Палута плача). Сьцешся! Сьцешся, Палутка, усё мінецца… Вось мне ўчора Антось казаў, што ён надоечы спатыкаўся з… Пятрусём.
Палута (уздрыгнуўшы). Ну?
Волька. Папраўдзе. У Граеве, у Зьмітра… Пятрусь пытаўся аб табе многа-многа…
Палута. А ці ведае ён, што мяне аддаюць замуж?
Волька. Ведае: Антось сказаў яму. Ён пытаўся ў яго…
Палута. Што-ж Пятрусь казаў на гэта?..
Волька. Казаў… казаў… шкадаваў цябе. Ня мае сьмеласьці, кажа, яна ды і шкода мне яе. Ня то-б — я ўцёк-бы з ёю ў горад…
Палута. Няўжо?
Волька. Сапраўды… (Пачакаўшы). А цяперака зрабіць гэта ўжо цяжэй.
Палута (здрыгаецца). Волечка-а, ці-ж то праўда? (Няўпрыкмету цямнее). Божа мой! Мо‘ ўжо ён сабе і знайшоў каго?
Волька (сьціха). Не, не! (Азіраецца). Вось ліст табе перадаў. На, схавай, Палутка-а.
Палута (не патураючы на Вольку). Чаму-ж мне надало радзіцца на гэты сьвет! Чаму-ж я гэткая нешчасьлівая! (Хавае ліст). Горкая я. (У дварэ далей чуваць песьні, гоман і музыка. Выразна чуваць голас Тэклечкі.