Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

„Я пабягу на прыгумень, пагляджу, Палуты. Можа яна тамака“ і адказ чыйся ёй: „Зьбегай, дачунька“).

Волька. Цябе шукаюць, вось. Ідзем, а то падумаюць… Трэба-ж ехаць ужо ў прыданыя: там чакае падвода, сваты ўсе пашлі. Загэтым цябе і шукаюць. Каб чаго дрэннага не падумалі яшчэ.

Палута. Воле-а-чка-а, родная-а-я-а, каб ты ведала, як ня хочацца мне ехаць! Страх нейкі бярэ, сэрца адчувае штосьці… (Прасьлёжваецца). Гэта-ж падумаць — заўтра ўстань, і перад табою ўсё новае… ворагі, зьненавісныя людзі… (Пачакаўшы). Не, не пайду-у-у! Хай без мяне едуць, я не паеду ні за што! Баюся, адваротна мне… Я ведаю гэтых Сьліваў — не здабраваць мне ад іх… толькі ў рукі возьмуць. (Чуцён скрып весьніц). Гэты Якаў ды жонка яго, а сама-ж Матруна — зьвядуць мяне нашчэнт, нашчэнт зьвядуць… Што мне рабіць, Волечка, парадзь, сястрыца.

Волька (суцешна). Цудная, супакойся, суніміся. Чаму табе баяцца. Ды што выйдзе ўжо цяперака. Бачыш, павянчаліся, спраўляеце вясельле — перарабіць нельга, галубка… (Іншым тонам). Ты нічога ня бойся, нічому не патурай. (Прыглядаецца). А, вунь і Тэклечка бяжыць. (Прыслухоўваецца. Чутны вясельныя песьні ўсё далей і далей. У дварэ-ж гоман). Паехалі ўжо. Палутка, ідзем. Ідзем, кінь маркоціцца.

Палута (не зважаючы нічога). Ведаеш, сястрыца, нямерна шкада-а Пятруся. Пя-а-тру-усь-ку-у шка-а-дую-у. Дзе-э ён, родны мой, каханы!.. Зьвясьці са сьвету-у хацелі, каб мяне-э лепш заплута-аць!.. Паскуднікі, згубцы-ы заклятыя, ворагі паганы-ыя!.. Пятру-усь-ка-а, каханы мой, ці-ж угледжу-у я цябе калі, мой!..

Волька. Шша-а… Ша-а… Ідзем, Палутка-а, ідзем! Ня добра-а табе-э, галубка-а.

ЗЬЯВА 3-я.
ПАЛУТА — ВОЛЬКА — ТЭКЛЯ.

Тэклечка (падбягае да іх і хапаецца за Вольчыну руку). А там чакаюць нас. Сваты пашлі ўсе, а вы гэта марудзіце… Сьцеражэце сталоў, ці што?.. Ідзеце хутчэй, а то не дагонім сватоў. Чуйце адно, дзе пяюць.

Волька. А Ян пашоў ці чакае Палуты?

Тэклечка. Чакае… Хадзем барджэй. (Дзьве кабеты-кухаркі падходзяць да сталоў і ўглядаюць Палуту з Волькаю).

Першая кухарка (зьдзіўлена). А, божачка-а. А міласьлівень-кі-ы! Ва то-ж во і маладзенькая наша-а. Палутка, паненачка-а, а там чакаюць. Чаго-ж вы гэта засталіся, галубачкі?

Другая кухарка. Ды ня можна-ж так. Хутчэй спяшайце. (Бразгаюць нажамі і талеркамі).

Волька. Ды ведаем, ведаем мы і самі. Патрапім зайсьці.