Першая кухарка. Трэба-ж, Волечка, разам, палюдзку, як водзіцца. Ведама, што патрапіце, толькі ўсё-ж ткі…
Другая кухарка. Ня йначай разам-разам з маладым. А маладыя з вясельнымі, а вясельныя з музыкамі… Заўсягды яно так… Пякней, прыгажэй.
Тэклечка. Ідзем, а то пабягу скажу маме, што ня слухае… Разгорнілася вельмі-ы… Растужылася-а… Мо‘ па Пятрусю, нябось… Сараматніца ты. Сваты пашлі, а яна тут… Каб людзі сьмяяліся-а ды казалі потым ліха ведае што… (Бегае вакол дзяўчат).
Палута (сярдзіта). Ідзі ты прэч, ашчапёнак… бо як засьвячу, дык будзеш помніць. (Вольцы). Вось на яго ліха, шчанё якое ўдалося, ажно ня вытрымаць ад яго. Лезе ліха ведае…
Волька (разуважна). Ты, Тэклечка, гэтак не рабі, а то так сорамна. Палута-ж такі та маладая, а ты з ёю сварышся — ці-ж ня брыдка табе. Трэба быць разумнейшаю, гаварыць паспакайней, паважна…
Тэклечка (нахмурыўшыся). А чаму-ж бо яна ня слухае нікога? Заві, заві, а яна і не патурае нават. Паскудзіць вясельле… (Хмыліцца й закрывае далоньмі твар).
Першая кухарка. Гэтак брыдка, Тэклечка. Палута старэйшая твая сястра. Бач, яна ўжо йдзе ад вас, апошні дзень тут… Трэба паважаць яе, згодна пагутарыць…
Другая кухарка. Палута-ж так цябе любіць…
Тэклечка (засароміўшыся ўцякае). Любіць, але… Лаецца заўсягды ды б‘ецца. (Выбягае ў двор).
Волька. Ідзем, Палутка! (Бярэ яе пад руку і йдуць).
Першая кухарка. Дабранач, Палутка, хай цябе госпад сьцеражэ…
Другая кухарка. Шчаснае вам ночкі!..
Палута і Волька. Дабранач, дзякуй! (Яны ідуць і штось сьціха гутараць. Воддалек чуваць песьні. Усё разьбівае скліч: „Палута, Палута, та ідзі ты! Дзе ты запрапала. Эх-ха-а! Дачушка“).
(Заслона).
ДЗЕЯ V-я.
Зіма. Хата Сымона Рыхлы. Будзённы дзень. Адвячорак — шэрая гадзіна. У хаце змрачэя. Праз замерзлыя вокны праглядае смуглае сьвятло. У хаце няпрыбрана: расьцярушана сечка і вобмешка. Ля прыпеку стаяць цэбры, а ля лавы карыта. На ложку гатова пасьцель. У запеку на лаўцы сядзіць Сымон. З печы пазірае Тэклечка. Домна ўвіхаецца ў мыцельніку.