Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

паўстаўляеш. Вось адсунь трохі ды добра. (Сымон адсоўвае. Адчыняюцца хатнія дзверы, і ў хату ўваходзіць Волька).

ЗЬЯВА 2-я.
ТЫЯ-Ж ды ВОЛЬКА.

Волька (чырвоная з марозу; акідае хату пазіркам). Добры вечар у хату.

Сымон і Домна. Добры вечар, Волечка!

Домна. Заблудзіла ты к нам чагосьці. Мы думалі, што ўжо ты і забыла пра нашу хату, як вышла замуж. Вядома, свой клопат пашоў, гаспадыня стала, дзякаваць богу.

Волька. Вядома, цяперака зусім іначай, як бывала. Клопату скуль яго і ўзялося не ацерабіцца…

Сымон. Сядай, Волечка, у нас, пагуляй.

Волька. Ды яно то, дзядзечка, і часу, прызнацца, няма. Там Антось чакае мяне вячэраць. Гэта я, ведаеце, забегла да цёткі Домны пазычыць прасьніцы: на вячоркі да мяне прышла Прузына і, сорамна сказаць, няма прасьніцы ў мяне лішняе. Вось я ўспомніла, што ў вас я бачыла некалькі прасьніц.

Тэклечка (злазіць з печы). У нас ёсьцека некалькі прасьніц. А табе якую пазычыць: можа Палуціну?

Волька. Усё роўна якую, абы была прасьніца, абы да чаго кудзелю прывязаць.

Домна. Гэта-ж чыя Прузына? Логінава мо‘?

Волька. Але, але. Яна самая. Вось прышла, то, думаеце, трэба будзе і пачаставаць…

Домна. Ды ведаю, ведаю.

Сымон. Гэта з Паганявіч?

Волька. Але, але… (Пачакаўшы, да Тэклечкі). Ну, як-жа, Тэклечка, лепш: з Палутаю ці без Палуты?

Тэклечка (падбегшы к Вольцы). З Палутаю лепш… Мы возьмем Палуту йзноў да дому. Там яе крыўдзяць. Праўда, мама?

Домна. Эх, Волечка, каб ты ведала, няма рады Палуце ў Сьліваў жыць ды годзе. Глумяцца ўсе над ёю, зьдзекуюцца і кончана. Вось надоечы ні за што, ні праз што ўзяў гэты кручаны балэбус ды набіў яе… Прышоў п‘яны, прычапіўся і давай ды давай. Проста ліха ведае што чаўпецца… І мы, ведаеш, Волечка, парадзіліся ўзяць Палуту да сябе; узяць ды годзе. Як ты радзіш?

Волька. Гэтак, цётачка, гэтак. Я, нават, сама дзіўлюся, чаго вы дасюль маўчыцё! Ды таксама і Палута: цярпіць і маўчыць. Здаецца, не палахлівы чалавек, а то-та-ж падаецца… Каб на мяне, крый божа, дык я-б усю хату іх разьнесла-б там, а сама пакінула-б іх. Хай-бы іх ліха ўзяло!.. Толькі так і можна зрабіць… Я ўжо надоечы