Волька (суцяшае Тэклечку). Ды ад яго болей нечага і чакаць… Гэта-ж ня людзі, а ліха ведае што! (Прачыняюцца дзьверы. Ва ўхлынуўшай у хату пары ўваходзяць Домна, а ззаду Палута. У яе заплакана тварына, распушчаны косы. Апранута яна ў кажушок і валёнкі і не глядзіць на нікога. Усе кідаюцца да яе і охаюць).
ЗЬЯВА 3-я.
ТЫЯ-ж і ПАЛУТА.
Сымон (бледны, злосны). Вось, бачыце-а! Глядзіце-а, добрыя людзі. Глуміцца і толькі. Сядай, котка мая, сядай, дачушка… Гэта-ж падумаць, гэта-ж падумаць! З хаты выганяць на ноч, а? А шэльма, а прахвост, а паганец! Ну, гадзіна заклятая, пападзіся ты мне цяперака пад руку — голаў зьніму, зьніму голаў, яшчар паганы! Пачакай толькі, злапаю, пападзешся яшчэ ты мне!.. (Ізноў да Палуты). Сядзь, дачушка, сядзь, родная!
Домна. Палутка-а? Што ён табе зрабіў? Біў можа?
Волька. Палутка, сястрыца, што з табою? (Зазірае ў вочы). Раскажы маме, паведай.
Палута (садзіцца; праз сьлёзы). Зьвясьці надума-ма-а-алі. Усе разам… жы-ы-ць не даюць… Упікаюць увесь час… Пісьмо дастаў з куфра ад Пятруся… яшчэ тое, што ён калісьці пісаў… Лезе ў куфар, рые ўсё… Перш сварыўся, лаяўся, а потым… давай біцца-а-а. Палкаю, кулаком, чым папала… гузы насадзіў, сінякоў нарабіў на целе… А гэта ведзьма стаіць ды падбухторвае, нацкоўвае… „Так і трэба гэтай валацузе“
Сымон (стаіць каля Палуты і трасецца ад злосьці). Вось бачыце, вось чуеце? Н-не-э! Не падарую я яму! Сваім судом адамшчу-у. Ці-ж то можна-а дапусьціць гэта? Крымінал, гвалтоўе адно. Га, ці бачыш ты? Зух нашоўся-а, сьвіное рыла, абармот, дзяцінец… Па-а-чака-ай, браточку-у! (Грозіць кулаком уверсе).
Волька (складвае рукі). А-а-яй, я-ай-ай! Палутка, сястры-ы-ца-а і чаго ты церпіш там? Кідай, цудная, і варочайся-а дамоў… Ласьне-а табе тут, у бацькоў, месца ня стане? Ня йдзі да іх, хай яны крапівою зарастуць…
Домна. Не, не, болей ня пусьцім ужо, годзе-ы! Мы ўжо згаварыліся з бацькам. Будзеш у на-ас, мілая, у на-ас... Заўся-аголаў яны-ы. (Абнімае). Дочачка-а мая, глумяцца яны з цябе… Назьдзекаваліся… Я пасьцялю табе ды ідзі спачынь, Палутка. Ідзі, родная! (Сьцеле пасьцель і ўсхліпвае).
Тэклечка (упіліўшыся ў твар Палуты вачмі). На печы са мною, Палута, будзем спаць. Хочаш? Я ня пушчу цябе ўжо з хаты. Будзе замужам быць! У нас лепей. (Да бацькі). Ня пусьцім ужо мы, тата Палуты?