Кроў нашу льюць ракамі, Гэй, далей! Гэй, далей! Чутно кліч: |
(Матка і Людвіка крыху маўчаць і слухаюць).
Людвіка (да сябе). Чырвоны штандар!.. (Хапае капялюш).
Матка. Ты! Ты куды хочаш ісьці?
Людвіка. Там — на дэманстрацыю! Там пяюць песьню крыві і свабоды! Я там павінна быць!..
Матка (адбірае ад яе капялюш). Ня пойдзеш!!
Людвіка. Пайду! Яны — гэтыя, што там, бліжэйшыя мне ад роднай маці!.. Пусьцеце!.. аддайце капялюш!
Матка. Ах ты вырадак гэткі! А я кажу, што ня пойдзеш, ашалеўшая ты дзяўчына!
Людвіка. Не даеце?! Добра! Пайду і так!.. (Хапае з канапы хустку. Чуваць трэск выстралаў. Пяяньне „Чырвоны штандар“ зьліваецца з гоманам народу).
Гоман народу. — Уцякай! войска йдзе!
— Хавайся ў браму! Салдаты страляюць!..
— Далоў самадзяржаўе! Няхай жыве рэволюцыя!
— Людцы добрыя! Ратуйце!..
— Людзі! Не дратуйце! Памажэце ўстаць!
— Давай дарогу, калі сам ня йдзеш!.. і г. д.
(Праз вокны відаць народ, які заховываецца адпаведна да вышэйдадзеных слоў. Чуваць звон разьбіванага шкла).
Матка (са злой іроніяй). Вось маеш!.. Ідзі цяпер!.. Што-ж ты стаіш?! Засунь фіранкі! Хутчэй! Хутчэй!.. (Адна засовывае фіранку на адным вакне, другая — на другім).
Матка. Зачыняй дзьверы! Хутчэй! (Абедзьве бягуць да дзьвярэй. Раптам дзьверы з імпэтам адчыняюцца і ўваходзяць 2-х незнаёмых, нясучы якогась мужчыну, якога кладуць на канапе. Твару яго ня відаць, бо адвернен ад публікі).