Старонка:Сын (1933).pdf/6

(Пасля перасылкі з Старонка:Сын 1933.pdf/6)
Гэта старонка была вычытаная

МАТКА З СЫНАМ

— ЧАГО ты плачаш, мамка? — пытаўся ў Агапы сын Ігнась.

— Не, сынку, я ня плачу... Гэта самі сьлёзы ідуць, з ветру ўвайшоўшы.

Але дапытлівы погляд хлапчуковых воч ня зусім згодзен быў з тым, што сказала маці, і трывога ў іх здрыганулася, калі ён убачыў, што маці адвярнулася к прыпечку, а плечы скалануліся раптам, і яна заплакала. Ціха ўстаў з лавы Ігнась, таксама ціха падышоў да маткі і, абняўшы квола, ласкава і сур'ёзна загаманіў:

— Вось бачыш, мамка, плачаш, а казала, што сьлёзы з ветру ідуць.

Агапа не магла больш сутрываць. Ашчаперыўшы моцна рыжаватую сынаву галаву, яна моцна заплакала на ўсю хату. Сьлёзы раўчукамі пацяклі з воч, бо ня было моцы трымаць у сабе, цяплом расплыліся на падстрыжанай пад лучыну галаве.

— Мамка!.. Дарагая! Чаго ты плачаш? Ну, скажы... Я-ж люблю цябе, моцна люблю!

І з усяе шчырасьці, колькі быць яе можа ў сына да маткі, цалаваць пачаў яе худыя, сухія рукі.

— Ведаю, сынку, ведаю, што любіш.

Свае пяшчоты матчыны яна магла выказаць найлепш толькі ў пацалунках, якія нясупынна пасыпаліся на рыжаватую Ігнасёву галаву. У пяшчотах да сына патроху прыходзіў спакой.

— Мамка, скажы, чаго ты плачаш?

— У нас... хлеба няма, хлопчык мой. Хадзіла заработак сыскваць, дык усе адказваюць: ці няма малочанага ці сабе трэба, ці гаспадароў няма дома. Сыскаць цяжка загарованае сваім мазалём, сьлязьмі заплаканае.

Ад сваіх апошніх горных слоў зноў горка стала Агапе. Але сын бачыў, што нельга матку пакінуць так сам-на-сам з яе горам, бо яна зноў будзе моцна плакаць.