Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/108

Гэта старонка не была вычытаная

згодна з законам і звычаем. У абрадах і сьвяточнай гутарцы прайшоў некаторы час.[1]
Пасьля гэтага пачалася першая Пасха Новага Завету. З гэтага моманту ўсе дзеяньні і настаўленьні Госпада прасякнуты нейкім асаблівым духам пакорнасьці, самаахвярнасьці і любові. Першае, у чым выявілася гэта, было тое, што — як расказвае Евангелісты Іоанн — Іісус Хрыстос устаў ад стала, скінуў з Сябе верхнюю вопратку і, узяўшы рушнік і падперазаўшыся, а пасьля наліўшы вады ў умывальніцу, пачаў абмываць ногі вучням Сваім — у тым ліку і Юдзе Іскарыёту — і выціраць рушніком, якім быў апяразаны. Калі Іісус Хрыстос падыйшоў да Ап. Пятра, дык гэты сказаў Яму: «Госпадзі! ці-ж Табе абмываць мае ногі?» Тады Хрыстос кажа яму: «Што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся потым». Пётр горача выклікнуў: «Ня ўмыеш ног маіх да веку». На гэта Іісус адказаў: „Калі ня ўмыю цябе, ня маеш часьці са Мною». Тады Сіман Пётр кажа Яму: «Госпадзі! умый ня толькі ногі мае, але і рукі і галаву». Іісус Хрыстос адказаў: „Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе“ (бо ведаў, што адзін з іх прадасьць Яго). Калі-ж абмыў усім ногі і апрануў ізноў Сваю вопратку, дык адпачыўшы спытаўся: „Ці ведаеце, што гэта Я зрабіў вам? Вы называеце Мяне Вучыцелем і Госпадам і справядліва кажаце, бо Я і ёсьць такі. Дык, калі Я, Гасподзь і Вучыцель, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму, бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі. Калі гэтак будзеце рабіць — будзеце шчасьлівымі, будзеце мець удзел у Царстве Нябесным. Але не аб усіх вас гэтак кажу, бо адзін з вас прадасьць Мяне. І гора таму чалавеку, праз якога будзе праданы Сын Чалавечы: ляпей-бы таму чалавеку зусім не нарадзіцца на сьвет“. Слухаючы гэта, Апосталы вельмі ўзварушыліся і пачалі аглядацца адзін на аднаго, ня ведаючы, аб кім гаворыць: „Госпадзі! ці ня я гэта? ці ня я?“

  1. Сьвяткаваньне пасхі ў жыдоў пачыналася ўвечары 14 нісана (першы веснавы месяц).