Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/137

Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ ніхто ніколі ня быў пахаваны. Гэта пячора была прыгатоўлена Язэпам для сябе, на дзень свайго пахаваньня. Уваход у гроб быў завалены вялізарным каменем.
Пры пахаваньні былі прысутнымі Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева. Яны бачылі, дзе было паложана Цела Іісусава. З тае прычыны, што дзеля пасьпешнасьці Цела Госпада пры пахаваньні ня было памазана араматамі, г. зн. пахнючымі масьцямі, як таго вымагаў звычай, абедзьве жанчыны ўмовіліся пайсьці дамоў, каб да сьвята прыгатовіць пах і масьці, і ў першы дзень пасьля суботы, раніцай, памазаць імі Цела Госпада (у самую суботу закон забараняў што-колечы рабіць).


На другі дзень пасьля пахаваньня, г. зн. у суботу, першасьвяшчэньнікі і фарысэі, ня гледзячы на сьвята, зрабілі нараду, як скрыць ім усе сьляды выкананага страшнага дзела, каб ня было абурэньня ў народзе. Падчас нарады некаторыя з прысутных успомнілі, што «ашуканец гэты» (так яны называлі Хрыста), калі яшчэ быў жывы, прадказваў, што ўваскрэсьне на трэці дзень, і таму пастанавілі забясьпечыцца, каб «вучні Яго, прыйшоўшы ўночы, ня ўкралі Яго, а пасьля не сказалі народу: «уваскрос з мёртвых». «І будзе — кажуць — апошняе ашуканства горш за першае». Яны пайшлі да Пілата, расказалі, што іх непакоіць і прасілі даць стражу да гробу. Пілат адхіліў ад сябе гэтыя новыя клопаты і пазволіў ім самым распарадзіцца: «У вас — кажа — ёсьць стража, ідзеце, пільнуйце, як ведаеце». Ня гледзячы на сьвятасьць вялікай суботы, нарушэньне якой так часта закідалі Хрысту, яны пайшлі, паставілі стражу і прылажылі пячатку сынэдрыёну да каменя, які зачыняў уваход у пячору.
Так зрабіўшы, яны нехаця далі доказ праўдзівасьці чуда ўваскрасеньня Хрыста, бо калі-б вучні ўкралі цела, дык пячатка была-бы сарвана, тым ча-