Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/155

Гэта старонка не была вычытаная

Усе веруючыя ў Ерусаліме жылі разам і ўсё ў іх было супольнае. Яны прадавалі дабро сваё і дастаткі, і дзялілі між усімі, як каму было трэба. Кожын дзень усе аднадушна маліліся ў храме, па дамох-жа зьбіраліся для ламаньня хлеба (прычашчэньня), у радасьці і прастаце сэрца славячы Бога і маючы ласку ў народзе. Гасподзь-жа штодня дадаваў Царкве тых, што збаўляліся.
Так паўстала першая Апостальская Хрысьціянская Царква ў Ерусаліме. Яна зьявілася тым асяродкам, скуль вера Хрыстова пашыралася ўва ўсе канцы сьвету.
Нова-Заветная Царква захавала сьвята Пяцьдзесятніцы, але ўспамінае ў гэты дзень не ўстанаўленьне Сінайскага законадаўства, а зыходжаньне Сьвятога Духа на Апосталаў. Пяцьдзесятніца называецца яшчэ Тройцыным Днём, бо ў гэты дзень мы праслаўляем Сьвятую Тройцу (у беларусаў — Сёмуха).

Трапар сьвята.

Благослове́нъ є̆сѝ, Хртѐ Бж҃е на́шъ, и῎же премꙋ́дры ловцы̀ ꙗ῎вле́й, низпосла́въ ймъ Дх҃а Ст҃а́го й тѣ́ми ѹ̆ловле́й вселе́ннꙋю: Человѣколю́бче, сла́ва Тебѣ̀.

Багаслаўлёны Ты, Хрысьце Божа наш, што простых рыбакоў выявіў прамудрымі, паслаўшы ім Сьвятога Духа, і праз іх прывёў да веры ўвесь сьвет: Чалавекалюбча, слава Цябе!