Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

і ён, на вялікае зьдзіўленьне, пачаў гаварыць, багаслаўляючы Бога. Зварочваючыся да нованароджанага сына, Захарыя, надыхнёны Духам Сьвятым, сказаў: «Ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Ўсявышняго, бо пройдзеш наперад прад абліччам Госпада, каб прыгатовіць дарогу Яму». Вестка аб усіх гэтых чудоўных здарэньнях разыйшлася далёка па зямлі юдейскай. Усе дзівіліся, праслаўлялі і дзякавалі Богу і пыталіся адзін у аднаго: «што-ж гэта будзе за дзіця?»
Аб далейшым жыцьці Іоанна ў Евангельлі гаворыцца толькі, што ён, «узрастаў і ўзмацоўваўся ду­хам» і што «рука Госпадава была з ім». Паданьне-ж дабаўляе, што Іоанн рана страціў сваіх бацькоў. Вырасшы, ён пайшоў у пустыню, дзе заставаўся «да дня зьяўленьня свайго Ізраілю».

Ражаство Іоанна Прадцечы Праваслаўная Царква сьвяткуе 24 чэрвеня — 7 ліпня.

6. Ражаство Іісуса Хрыста. Пакланеньне Яму пастухоў
(25 сьнежня — 7 студня).

Мат. I, 18—25; Лук. II, 1—21.

Тры месяцы пражыла Дзева Марыя ў праведнай Елізаветы. Вярнуўшыся ў Назарэт, Яна нічога не сказала Іосіфу аб зьяўленьні Ёй Ангела Гасподняга і аб яго прадказаньні. Вось чаму, калі Іосіф праз нейкі час заўважыў, што заручаная з ім Марыя хутка стане маткаю, ён надумаў тайна адпусьціць Яе, даўшы Ёй разводнае пісьмо. Але зьявіўся яму ўва сьне Ангел Гасподні, які сказаў: «ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зарадзіўшаеся ў ёй ёсьць ад Духа Сьвятога, — вось-жа народзіць Сына, Якога Ты назавеш Іісусам, г. зн. Збавіцелем, бо Ён збавіць людзей ад грахоў». Іосіф, устаўшы ад сну, зрабіў, як загадаў яму Ангел, г. зн. прыняў Марыю, з якою наагул жыў, як бацька з дачкою, ці як брат з сястрою.
У тыя дні выйшаў загад уладаў зрабіць усенародны перапіс. Кожын юдей павінен быў запісацца ў