Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/101

Гэта старонка не была вычытаная

Адну мінуту можна было падумаць, што ён не знаходзіць у сваёй душы таго, да чаго прыслухваецца з гэткаю лакомаю ўвагаю. Але пасьля, хоць усё з тым-жа самым зьдзіўленым выглядам і ўсё як быццам не дачакаўшыся чагосьці, ён хіснуўся, крануў клявішы і, падхоплены новаю хваляю наляцеўшага пачуцьця, аддаўся ўвесь плаўным, звонкім і пявучым акордам…


Х.

Карыстацца нотамі сьляпому наагул цяжка. Яны адціскаюцца, як і літары, рэльефам, пры чым тоны азначаюцца асобнымі значкамі і ставяцца ў адзін рад, як радкі ў кнізе. Каб азначыць тоны, злучаныя ў акорд, паміж імі ставяцца клічнікі. Зразумела, што сьляпому прыходзіцца завучваць іх напамяць, пры гэтым асобна для кожнае рукі. Гэткім чынам, гэта — вельмі складаная і трудная праца; аднак-жа, Пётры і ў гэтым выпадку памагала любасьць да асобных складаных частак гэтае працы. Завучыўшы напамяць па колькі акордаў для кожнае рукі, ён сядаў за фортэпіяна, і, калі з злучэньня гэтых круглых іерагліфаў раптам неспадзявана для яго самога складаліся стройныя сугуччы, дык гэта давала яму такую насалоду і прадстаўляла столькі жывое цікавасьці, што гэтым сухая праца стушоўвалася і нават захапляла.

Тым ня менш, паміж зробленаю на паперы п’есаю і яе выкананьнем лажылася ў гэтым выпадку вельмі шмат прамежных працэсаў. Пакуль знак перароджваўся ў мэлёдыю, дык павінен ён быў прайсьці праз рукі, замацавацца ў памяці і затым адбыць паваротную дарогу да канцоў іграўшых пальцаў. Пры гэтым моцна разьвітае музыкальнае ўяўленьне сьляпога ўмешвалася ў складаную работу завучваньня і накладала на чужую