Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

ня стушоўваўся ў далейшых куткох, а, як роўны, хоць і крыху ўстрымліва, умешваўся ў агульныя размовы. Нядаўняя яшчэ халодная ўстрымлівасьць і як-бы настарэжанасьць Эвэліны таксама зьнікла. Яна трымалася весела і бяспрымусна, задзіўляючы ўсіх нябывалымі яшчэ выбухамі неспадзяванае і зыркае веселасьці.

Вярстоў за дзесяць ад двара быў стары N-скі манастыр, вельмі вядомы ў тым краі. Калісьці ён іграў значную ролю ў мясцовай гісторыі; няраз яго абкладалі, як саранча, загоны татараў, пасылаўшых цераз сьцены хмары сваіх стрэлаў, часамі пярэстыя аддзелы палякоў распачліва лезьлі на сьцены або, наадварот, казакі бурна кідаліся на прыступ, каб адбіць цьвярдыню ў заўладаўшых ёю каралеўскіх жаўнераў… Цяпер старыя вежы асыпаліся, сьцены дзе-ня-дзе замяніліся простым частаколам, які бараніў толькі манастырскія агароды ад навалу прадпрыемлівае мужыцкае скаціны, а ў глыбіні шырокіх рагоў расло проса.

Аднойчы, у ясны дзень ласкавай позьняй восені гаспадары і госьці скіраваліся ў гэты манастыр. Максім і жанчыны ехалі ў шырокай старадаўняй брычцы, якая гойдалася, быццам вялікі плыт, на сваіх высокіх рэйсорах. Маладыя людзі і Пётра ў тым ліку — паехалі конна.

Сьляпы езьдзіў спрытна і вольна, прывыкшы прыслухвацца да тупату іншых коняй і да шарахценьня колаў ехаўшага наперадзе экіпажу. Гледзячы на яго вольную, адважную фігуру, трудна было-б угадаць, што гэты коньнік ня бачыць дарогі і толькі прывык гэтак сьмела аддавацца інстынкту каня. Анна Міхайлаўна спачатку палахліва аглядалася, баючыся чужога каня і незнаёмых дарог, Максім паглядваў скоса з гордасьцю мэнтора і з насьмешкаю мужчыны над бабскімі страхамі.