Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

— Ці ведаеце… — сказаў, пад’яжджаючы да брычкі студэнт. — Мне вось толькі што ўспомнілася цікавая магіла, аб гісторыі якой мы даведаліся, капаючыся ў манастырскім архіве. Калі хочаце, дык мы зьвернем туды. Гэта недалёка, на канцы сяла.

— Чаго-ж гэта вам прыходзяць у нашым таварыстве гэткія сумныя ўспаміны? — весела засьмяялася Эвэліна.

— На гэтае пытаньне адкажу пасьля! Зьвяртай да Калодні, да Астапавай левады; тут каля пералазу спынішся, — крыкнуў ён фурману і, пакіраваўшы каня, паехаў да сваіх адстаўшых таварышоў.

Праз мінуту, калі рыдван, шарахцячы коламі ў мягкім пыле і гойдаючыся, ехаў вузкаю дарожкаю, маладыя людзі праляцелі міма яго і сьпешыліся наперадзе, прывязаўшы коні да плоту. Двох з іх пайшлі насустрэчу, каб памагчы дамам, а Пётра стаяў, апёршыся на сядло і, паводле прывычкі, схіліўшы галаву, прыслухваўся, стараючыся па магчымасьці азначыць сваё палажэньне ў незнаёмым месцы.

Для яго гэты сьветлы асеньні дзень быў цёмнаю ночкаю, толькі ажыўленаю яснымі гукамі дня. Ён чуў на дарозе шарахценьне пад’яжджаўшае карэты і вясёлыя жарты сустрачаўшай яе моладзі. Каля яго коні, звонячы стальнымі наборамі вобруцяў, выцягвалі галовы за плот да высокай травы агароду… Недзе, недалёка, мусі над градамі, чулася ціхая песьня, гультайна і задумліва веяўшая па лёгкім ветры. Шархацела лісьцьцё саду, недзе скрыпеў бусел, чулася лопаньне крыльляў і крык як быццам раптоўна ўспомніўшага аб чымсьці пятуха, лёгкае скавытаньне „жураўля“ над калодзежам, — ува ўсім гэтым сказвалася блізкасьць вясковага рабочага дня.