Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/30

Гэта старонка не была вычытаная

Яна сама спынілася, з мінуту пастаяла, прыслухваючыся да мілых-мілых напеваў украінскае песьні, і, зусім супакоеная, адыйшла ў цемную алею саду да дзядзькі Максіма.

— Добра грае Іохім, — падумала яна. Дзіўна, колькі тонкага пачуцьця ў гэтым грубаватым на від „хлопе“.


IV.

А Іохім сапраўды іграў добра. Яму не рабіла труднасьці нават і хітрая скрыпка, і быў час, калі ў карчме, нядзелямі, ніхто лепей ня мог зайграць „казака“ або вясёлага польскага „кракавяка“. Калі, бывала, ён, сеўшы на лаўцы ў кутку, моцна прыціснуўшы скрыпку голеным падбародкам і парызыканску схіліўшы высокую смушковую шапку на патыліцу, ўдараў крывым смыком па пруткіх струнах, тады рэдка хто ў карчме мог усядзець на месцы. Нават і стары аднавокі жыд, які ўтараваў Іохіму на басэтлі, натхняўся да апошняе ступені. Яго няспрытны „струмант“, здавалася, аж трашчаў ад натугаў, каб пасьпець сваімі цяжкімі басовымі нотамі за лёгкімі, пявучымі і скакаўшымі тонамі Іохімавае скрыпкі, а сам стары Янкель, высока падрыгваючы плячыма, круціў лысаю галавою ў ярмолцы і ўвесь паддзыгаў у тахту шалапутлівай і бойкай мэлёдыі. А што-ж казаць пра хрышчоны народ, у якога ногі з даўных давён збудованы такім чынам, што пры першых гуках вясёлага скакавога напеву самі пачынаюць падгінацца і тупацець.

Але з таго часу, як Іохіму палюбілася Мар’я, дворная дзеўка суседняга пана, дык ён штосьці ня зьлюбіў вясёлае скрыпкі. Праўда, што скрыпка не памагла яму перамагчы сэрца вострае дзеўкі, Мар’я выбрала сабе бязвусую нямецкую фізіяномію панскага камэрдынэра замест вусатае „пыкі“