Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

яна, паміж іншымі „прыемнымі мастацтвамі“, вывучвала таксама і музыку. Праўда, што сам па сабе гэты ўспамін яе быў не асабліва салодкім, таму што зьвязваўся з думкай аб вучыцельцы, старой нямецкай паненцы Кляпс, надта худой, надта прозаічнай і, галоўнае, вельмі злой. Гэта надзвычайна жаўцёвая дзеўка, вельмі спрытна „выкручваўшая“ пальцы сваіх вучаніцаў, каб надаць ім неабходную пруткасьць, разам з тым з найдзіўнейшаю ўдачаю забівала ў сваіх гадуніцах усякія азнакі пачуцьця музычнае поэзіі. Гэтае палахлівае пачуцьцё не магло цярпець ужо аднае прысутнасьці паненкі Кляпс, ня кажучы аб яе пэдагогічных спосабах. А таму, выйшаўшы з пансіёну і нават замужам, Анна Міхайлаўна й не падумала аб аднаўленьні сваіх музычных практыкаваньняў. Але цяпер, слухаючы хахла-дудара, яна пачувала, што разам з зайздрасьцю да яго ў яе душы паступова будзіцца адчуцьцё жывое мэлёдыі, а абраз нямецкае паненкі цьмянéе. У рэзультаце гэтага працэсу зьявілася просьба пані Папельскай да мужа выпісаць з места піаніно.

— Як хочаш, мая галубка, — адказаў узорны муж. — Ты, здаецца, не асабліва любіла музыку.

У той самы дзень было паслана пісьмо ў места, але пакуль інструмэнт быў куплены і прывезены з места ў вёску, павінна было прайсьці ня менш як два-тры тыдні.

А, тымчасам, з стайні кожны вечар зьвінелі мэлёдычныя заклікі, і хлопчык кідаўся туды, нават ня пытаючыся ўжо пазваленьня ў маці.

Спэцыфічны пах стайні зьмешваўся з мілым пахам сухое травы і вострым пахам сырамятных рамянёў. Коні ціха жавалі, шамоцячы дабыванымі з-за драбінак касмакамі сена; калі дудар супыняўся для перадышкі, дык у стайню яўна даходзіў шэпт зялёных букоў з саду. Петрык сядзеў, як ачарованы, і слухаў.