Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

тысячаю нябачаных струнаў яе збалелае сэрца з кожнаю праяваю дзіцячае пакуты. Па гэтай прычыне тое, што ў іншай выклікала-б толькі нездаволеньне, — гэтая дзіўная конкурэнцыя з хахлом-дударом, — зрабілася для яе крыніцаю наймацнейшых, павялічана-пякучых цярпеньняў.

Гэтак ішоў час, ня прыносячы ёй палёгкі, але за тое і не без карысьці: яна пачала разумець у сабе прылівы таго самага жывога адчуцьця мэлёдыі і поэзіі, якое гэтак ачароўвала яе ў ігры хахла. Тады ў ёй ажыла й надзея. Пад уплывам раптоўных прыліваў самаўпэўненасьці яна некалькі разоў падыходзіла да свайго інструмэнту і адчыняла накрыўку з замерам заглушыць пявучымі ўдарамі клявішоў ціхую дудку. Але кожны раз пачуцьцё нерашучасьці і саромлівага страху ўстрымлівала яе ад гэтых спробаў. Ёй успамінаўся твар яе пакутаваўшага хлопчыка і пагардлівы пагляд хахла, і шчокі гарэлі ў цемнаце ад сораму, а рука толькі прабягала ў паветры над клявіятураю з баязьліваю смагаю…

Так ці йначай, а з дня на дзень нейкая ўнутраная сьвядомасьць свае сілы ў ёй усё павялічвалася, і выбіраючы час, калі хлопчык гуляў пад вечар у далейшай алеі або выходзіў спацыраваць, — яна сядала за піаніно. Першымі досьледамі яна засталася не асабліва здаволенай; рукі ня слухалі яе ўнутранага разуменьня, гукі інструмэнту здаваліся спачатку чужымі для запанаваўшага над ёю настрою. Але паступова гэты настрой пераліваўся ў іх з большаю пэўнасьцяй і лёгкасьцю; хахловы лекцыі не прайшлі дарма, а гарачая любасьць матчына і чулае разуменьне таго, што якраз захапляла гэтак моцна сэрца дзіцяці, дало ёй магчымасьць гэтак хутка ўцяміць гэтыя лекцыі. Цяперака з-пад рук выходзілі ўжо не траскатлівыя трудныя „п’есы“ а ціхая песьня, сумная украінская думка зьвінела і плакала ў цёмных пакоях, разьмякчаючы матчынае сэрца.