Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

койнае і заўсёды вытрыманае прыяцелькі быў гэтак неспадзяваны і нічым нявытлумачаны! Ён прыслухваўся адначасна да яе плачу і да таго дзіўнага рэха, якім адклікаўся гэты плач у яго ўласным сэрцы. Яму ўспомніліся даўнія гады. Ён сядзеў на ўзгорку з гэткаю вось самаю тугою, а яна плакала над ім гэтак вось сама, як і цяпер…

Але раптам яна вызваліла руку, і сьляпы ізноў зьдзівіўся: дзяўчына сьмяялася.

— Якая я, аднак-жа, дурная! І аб чым гэта я плачу?

Яна выцерла вочы і пасьля загаварыла жаласным і добрым голасам:

— Не, будзем справядлівымі: абодва яны добрыя!… І тое, што ён казаў толькі што, — добра. Але-ж гэта не для ўсіх.

— Для ўсіх, хто можа, — сказаў сьляпы.

— Якая драбяза! — адказала яна ясна, хаця ў яе голасе разам з усьмешкаю чуліся яшчэ нядаўнія сьлёзы. — Гэта-ж вось і Максім ваяваў, пакуль мог, а цяпер жыве, як можа. Ну, і мы…

— Не кажы: мы! Ты — зусім іншая справа…

— Не, ня іншая.

— Чаму?

— Таму што… Ну ды таму, што ты-ж са мною ажэнішся, і, значыцца, нашае жыцьцё будзе аднолькавае.

Пётра супыніўся, зумеўшыся.

— Я?.. З табою?.. Значыцца, ты за мяне… замуж?

— Ну але, ну але, пэўна-ж! — адказала яна з пасьпешным неспакойствам. — Які ты дурны! Няўжо табе ніколі ня прыходзіла гэта да галавы? Дык гэта-ж так проста! З кім-жа ж табе жаніцца, як не са мною?

— Ну, пэўна-ж, — згадзіўся ён з нейкім дзівосным эгоізмам, але зараз-жа схамянуўся.