нікому іншаму, як толькі аднаму Тарасу Бульбе. Няма з нас нікога роўнага з ім у славе.
Гэтак сказаў Баўдзюг і заціх; і ўцешыліся ўсе казакі, што навёў іх гэткім чынам на розум стары. Усе падкінулі ўгару шапкі і закрычалі: — „Дзякуй табе, бацька! Маўчаў, маўчаў, доўга маўчаў, ды вось, нарэшце, і сказаў: не дарма казаў, калі зьбіраўся ў паход, што будзеш прыдатны казацтву: гэтак і сталася.“
— Што, згодны вы на гэта? — спытаўся кашавы.
— Усе згодны! — закрычалі казакі.
— Значыцца й радзе канец?
— Канец радзе! — крычалі казакі.
— Слухайце-ж цяпер вайсковага загаду, дзеці, — сказаў кашавы, выступіў наперад і наклаў шапку, а ўсе запарожцы, колькі іх ні было, зьнялі свае шапкі і засталіся з непакрытымі галовамі, спусьціўшы вочы ў зямлю, як бывала заўсёды паміж казакамі, калі зьбіраўся што сказаць старшы.
— Цяпер адлучайцеся, паны-браты! Хто хоча ісьці, дык ідзі на правы бок; хто застаецца, адходзь на лева! Куды большая часьць курэня пераходзіць туды і атаман; калі меншая часьць пераходзіць, прылучайся да іншых курэняў.
І ўсе пачалі пераходзіць хто на правы, хто на левы бок. Якога курэня большая часьць пераходзіла, туды і курэнны атаман пераходзіў; якога малая часьць, тая прылучалася да іншых курэняў; і выйшла без малога не пароўні на кожным баку. Захацелі застацца: увесь блізка што Незамайкаўскі курэнь, большая палавіна Паповічаўскага курэня, увесь Уманскі курэнь, увесь Канеўскі курэнь, большая палавіна Стэблікіўскага курэня, большая палавіна Тымашэўскага курэня. Рэшта ўсе вызваліся ісьці ў дагон за татарамі. Шмат было на абодвух бакох здаравяцкіх і адважных казакоў.